«Песня «Зорамі» была напісаная ў калоніі. Такія, як мы, неаднаразова спявалі яе ціха і ўпотай, са слязамі на вачах. Песня дала надзею і веру ў сябе ў гэтым халодным акіяне несправядлівасці. Так, мы выбраліся адтуль, але многія яшчэ там, і мы ўсе не павінны гэтага забываць», — так прадстаўляе свой новы твор гурт Irdorath.
«Многія з вас ведаюць нашу гісторыю. Пасля нашага вызвалення з турмы шмат розных журналістаў спрабавалі паразмаўляць з намі пра апошнія два гады, але мы палічылі, што простымі словамі нельга выказаць тое, што мы хацелі сказаць.
Такім чынам, мы абралі мастацтва як найбольш поўную форму самавыяўлення. У гэтым творы ёсць усё, што можна сказаць пра гэтую змрочную гісторыю. Гэта і завяршэнне цёмнага, і пачатак новага, светлага раздзела!», — сцвярджаюць музыкі.
Гэта першая песня пасля зняволення ўдзельнікаў гурта, і яе рэалізацыя стала магчымай дзякуючы вялікай колькасці творчых людзей, якія аб’ядналіся, каб дапамагчы музыкам вярнуцца да мастацтва.
«Гэта вынік Арт-рэзідэнцыі, арганізаванай суполкай «DOM TWRCAU» (Варшава), створанай беларусамі для беларусаў на эміграцыі. Мы бясконца ўдзячныя ім за падтрымку і самаадданасць! І, вядома, усім людзям, якія падтрымлівалі нас увесь гэты час!
Справа зроблена. Наша наступная мэта — як мага хутчэй вярнуць Irdorath на сцэну!», — напісалі музыкі.
Нагадем, удзельнікаў беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта Irdorath затрымалі 2 жніўня 2021 года.
Пазней іх прызналі вінаватымі па артыкуле 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Уладзімір і Надзея Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі.