8 верасня названы Днём беларускай вайсковай славы. 501 год таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разбілі пад Воршай маскоўскую армію. Гэта была вялікая перамога над утрая большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне на сваіх землях і сваёй жа арміяй.
Пра гісторыю святкавання гэтай даты ў незалежнай Беларусі racyja.com пагаварыла з лідарам Руху салідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам.
РР: Чаму менавіта 8 верасня стала не галосным Днём беларускай вайсковай славы?
Вячаслаў Сіўчык: У першую чаргу гэта прыйшло разам з беларускім нацыянальным календаром, разам з Беларускім народным фронтам “Адраджэнне”. Першыя акцыі, якія рабіліся ў Менску, абавязкова трэба казаць пра тагачасных кіраўнікоў Беларускага народнага фронту, не толькі пра шаноўнага Зянона Станіслававіча Пазняка, выступы якога былі вельмі важнымі на кожным дні святкавання беларускай вайсковай славы. Але ж і пра Віктара Івашкевіча, які практычна кіраваў выканаўчай структурай БНФ у той час і мусіў наладжваць само мерапрыемства, бо гэта заўсёды працуе вельмі вялікая каманда кіраўнікоў раённай Рады Менска, іншых кіраўнікоў БНФ.
Абавязкова трэба казаць пра мастацкую суполку “Пагоня”, таму што заўсёды вельмі файнае было аздабленне Дня беларускай вайсковай славы, як і іншых акцый Беларускага народнага фронту. Гэта былі не проста плакаты, а гэта было мастацтва. І гэта ўнікальна для нацыянальнага руху. Я не ведаю такіх аналагаў у іншых краінах, бо ўсё-такі беларускія мастакі з суполкі “Пагоня” маюць вялікі ўклад у беларускае адраджэнне і ў прыватнасці ў традыцыю святкавання Дня беларускай вайсковай славы. Натуральна, мы мусім казаць пра 8 верасня 1992 года, калі па ініцыятыве Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якім кіраваў усім вядомы Мікола Статкевіч, які з’яўляецца, мусіць, самым вядомым палітвязнем лукашэнкаўскага часу. На той момант ён быў кіраўніком ПЗВ, і разам з апазіцыяй БНФ у Вярхоўным савеце прымалася 2000-мі беларусамі прысяга на вернасць Беларусі, бо сунулі тады савецкую прысягу, хаця была ўжо незалежнасць, бо наменклатура змагалася з незалежнасцю па старой маскоўскай звычцы. Гэта была вельмі моцная акцыя, але ж і ўсе іншыя акцыі, якія адбываліся ў Менску, яны былі вельмі велічнымі. І я ніколі не забуду, як адзін просты чалавек пабачыў плакат “Ворша-1514 год”. Прачытаў яго, запытаўся “а што гэта” і адразу аўтаматычна адказаў “а, гэта, калі нашы маскалям увалілі”. Гэта таксама такая дастаткова добрая адзнака гэтага свята, тое, што яно аб’ядноўвае ўсіх беларусаў.
Пасля ўжо, дзесьці пачынаючы з 1996 года, значна большую ролю пачаў адыгрываць Дзень Волі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: