Раман Кісляк: “Карагодная справа” – самая маштабная па рэпрэсіях

У сярэдзіне верасня 2020 года ў Берасці адбылася масавая акцыя, якая вядома зараз у новай гісторыі Беларусі як “карагодная справа”.

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк згадвае падзеі, што адбыліся ў яго родным горадзе:

– Падзеі адбыліся на скрыжаванні бульвара Шаўчэнкі і Касманаўтаў з праспектам Машэрава. І агулам гэта было, можна сказаць, такое свята непадпарадкавання беларусаў, якія спыніліся на скрыжаванні і ў працэсе таго, калі рашалі, куды ісці, прама, направа ці налева, такое веча, людзі там ішлі з музыкай, хтосьці пачаў танчыць, і сталі вадзіць карагоды. Можна сказаць, што тыя падзе 2020 года б’юць рэкорды, самыя брутальныя разгоны і самая вялікая справа, “карагодная”, больш за 100 абвінавачаных.

Па словах Рамана Кісляка, сілавыя структуры і да сёння шукаюць удзельнікаў тых падзей:

–  Больш за 100 абвінавачаных. Зразумела, што працэсуальна гэта было падзелена на некалькі спраў, больш за 10, ад васьмі да дзесяці абвінавачаных па кожнай, але ў цэлым зразумела, што адна справа. І да гэтай пары шукаюць і спрабуюць прыцягнуць тых, каго ідэнтыфікуюць на тых фота- і відэаздымках. Агулам б’е рэкорды па маштабах рэпрэсіяў.

Раман Кісляк быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля заведзенай на яго крымінальнай справы і цяпер жыве ў грузінскім Батумі.  

racyja.com