16 верасня ў Варшаве пачаў працу Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Жадаючых патрапіць на мерапрыемства было настолькі шмат, што максімальна магчымая колькасць удзельнікаў набралася за тры дні да яго пачатку. Buzdma.org распавядаем, чым запомніўся першы дзень кангрэсу.
Адкрыццё пачалося аб 11-й раніцы, ужо ў пачатку мерапрыемства зала была амаль поўная. Сярод слухачоў было шмат творцаў з розных сфер: літаратары, музыкі, кінематаграфісты, мастакі. На адкрыцці выступіў «Беларускі вольны хор».
Удзельнікаў Кангрэсу віталі заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0, кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і прадстаўнік Бюро культуры Артур Юзвік.
Таццяна Нядбай нагадала, што махавік рэпрэсій у Беларуі не спыняецца, у тым ліку ў дачыненні да дзеячаў культуры.
Нагадваў пра гэта і партрэт Алеся Пушкіна — мастака-палітвязная, які загінуў у калоніі ў ліпені. Ягонае фота паставілі каля сцэны з выступоўцамі.
Першая дыскусія ў межах Кангрэсу называлася «Культурная эміграцыя — мінулае i сучаснасць». У панэлі ўдзельнічалі Даследчыца гісторыі беларускай эміграцыі, галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМ» Наталля Гардзіенка, прафесарка ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, гісторык і палітолаг Алена Глагоўская, а таксама мастак і куратар Андрэй Дурэйка.
Выступоўцы адзначылі, што беларуская культура ў эміграцыі існавала не адно стагоддзе, а таксама ўзгадалі дзеячаў, якіх можна лічыць мультыкультурнымі. Яскравы прыклад таму — паэт Адам Міцкевіч.
Наступная дыскусия была прысвечана ўзаемадзеянню еўрапейскiх і беларускіх культурных арганізацый. У якасці спікераў выступілі арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка Ambasada Kultury, галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка» Ганна Чыстасердава, каардынатар ініцыятывы Razam Kunst аб’яднання беларусаў Нямеччыны «Razam» e.V., рэжысёр Зміцер Чарткоў і сяброўка Пашыранай Рады асацыацыі RAZAM e. V., асэсарка, адна з арганізатарак фестывалю беларускай культуры ў Нямеччыне Minsk x Minga Іна Валіцкая. З польскага боку прысутнічалі культурны менеджар, дырэктар Старамейскага Дома культуры Марцін Ясінскі, дырэктар Бюро культуры Артур Юзвік і дырэктар Інстытута імя З. Рашэўскага Эльжбэта Вратноўска.
На дыскусіі абмеркавалі неабходнасць будаваць культурны мост паміж беларускай культурай і іншымі еўрапейскімі культурамі, а таксама ствараць працы, яктя могуць быць цікавымі не толькі беларусам, але і людзям іншых нацыянальнасцей. Закранулі таксама тэмы інстытуцыйнай падтрымкі беларускіх праектаў.
Ганна Чыстасердава, адзначыла, што ў эміграцыі беларусы сутыкнуліся з новымі ўмовамі для стварэння культурных праектаў, аўдыторыя змянілася і пашырылася за кошт еўрапейскага гледача, і каб беларуская культура была бачная, то трэба вучыцца размаўляць новымі мастацкімі мовамі, паглыбляцца ў іншыя культурныя кантэксты.
Фінальная дыскусія першага дня працы Кангрэса была прысвечана пытанням мастацкай крытыкі i экспертызы праектаў.
Выступілі рэгіянальны дырэктар Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве Лізавета Дубінка-Гушча, супрацоўніца Фонду дэмакратыі для Беларусі Нямецкага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей, каардынатар культурных праграм Гётэ-Інстытута ў Варшаве Iгар Куксiн, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, якая таксама была адной са спікерак, падтрымала тэзу аб неабходнасці культуранага ўзаемадзеяння з іншымі краінамі і прыгадала абвінавачанні беларусаў у прысваенні літоўскай культурнай спадчыны, якія прагучалі з боку некаторых літоўскіх палітыкаў. На думку Аліны Коўшык, пры больш шчыльнай супрацы канфлікта можна было б пазбегнуць.
На Кангрэсе працуе кірмаш, дзе можна набыць кнігі беларускіх выдавецтваў.