Традыцыйны беларускі абрад “Багач”, прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю, правёў у Вільні гурт “Беларускі цуд” на чале са Святланай Чакушкай.
Звычайна абрад “Багач” ладзілі падчас восеньскага раўнадзенства, якое адбываецца з 22 на 23 верасня, ці на некалькі дзён раней.
Прыняць удзел у зборы жыта на Багач азначала падзяку багам за ўраджай, а значыць, і надзею на тое, што наступны ўраджай будзе не горшым.
Пра святкаванне, традыцыі, сімвалы і пра тое, чым адрозніваецца правядзенні “Багача” ў Вільні ад правядзення ў Беларусі, распавядае Госця Рацыі – Святлана Чакушка:
– Абрад “Багач” – гэта такі старажытны абрад, які быў прымеркаваны, па-першае, да восеньскага раўнадзенства, потым, з прыходам хрысціянства, да нараджэння Прасвятой Багародзіцы. І ён па-рознаму называўся ў розных рэгіёнах і, наколькі я ведаю, больш быў распаўсюджаны менавіта на тэрыторыі рассялення крывічоў, то бок на Міншчыне, на Падзвінні. Звычайна гэта свята заканчэння такога актыўнага сельскагаспадарчага года, бо трэба было ўжо прыбраць палеткі, і пасля “Багача” можна было выходзіць у поле араць і сеяць азімыя. А ўсё астатняе ўжо павінна было быць сабранае, упарадкаванае.
Гэта свята было прысвечанае зямлі, сонцу і таксама, так як яго ўжо пазней прымеркавалі да нараджэння Прасвятой Багародзіцы, падчас яго ўслаўлялі жанчыну, і гэта нармальна і правільна. Бо менавіта на плечы жанчын клалася ўся гэтая цяжкая праца. Менавіта жанчыны жалі зернявыя культуры, і гэта была вельмі цяжкая праца. І таму зразумела, што іх ухвалялі, частавалі. І свята “Багач” ці “Дажынкі”, хоць зараз гэтае свята мае не заўсёды пазітыўную канатацыю, але як ёсць., – гэта таксама свята і ўшанавання жанчын-жнеяў, якія на сваіх плячах, на сваіх руках, сваім здароўем рабілі ўсё, каб ураджай быў у час сабраны.
Асноўныя атрыбуты свята – гэта зерне, сноп, свечка, якая сімвалізуе сонца, агонь, таму што без сонца і агню таксама жыць цяжка.
РР: А зерне азначае багацце?
Святлана Чакушка: Так, зерне – гэта багацце, гэта доля, гэта магчымасць перажыць зіму і зноў у наступным годзе распачаць гэты жыццёвы цыкл сяўбы, вырошчвання ўраджаю. Нашы продкі ўяўлялі менавіта так час, цыклічна, – ад аднаго сельскагаспадарчага года да іншага. Гэта было звыкла і прывычна.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле: