«Беларускі тэатр у Новай Беларусі будзе іншым»: у Варшаве прайшла канферэнцыя па стварэнні Беларускага Інстытута тэатра

7—9 верасня, у Варшаве, адбылася канферэнцыя па стварэнні Беларускага Інстытута тэатра (БІТ). Канферэнцыя была арганізавана працоўнай групай Беларускага тэатральнага кам’юніці, куды ўваходзяць Анжаліка Крашэўская, Валянціна Мароз, Паліна Дабравольская, Каця Раманчык і іншыя ўдзельніцы каманды.

Акторкі ў фотасесія да праекта П. Дабравольскай «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч

У ёй узялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай тэатральнай супольнасці: акторы, рэжысёры, крытыкі, тэатразнаўцы, менеджары, тэхнічныя спецыялісты, а таксама журналісты. Сярод іх: Купалаўцы Алег Гарбуз, Валя Гарцуева, Зоя Белахвосцік, а таксама рэжысёры Юра ДзівакоўУладзімір Ушакоў, прадзюсар Марына Дашук, актор і рэжысёр Андрэй Новік, драматург Андрэй Іваноў, даследчыца тэатра Анастасія Панкратава і многія іншыя.

На працягу 3-х дзён у фармаце статэгічнай сесіі ўдзельнікі і ўдзельніцы канферэнцыі распрацоўвалі рашэнні для накіравання працы будучага Інстытута. Вынікамі працы канферэнцыі стаў падпісаны ўдзельнікамі мемарандум аб стварэнні Беларускага Інстытута тэатра, у якім акрэсленыя асноўныя прынцыпы працы (БІТ): фокус на прафесійную супольнасць як у Беларусі, так і за яе межамі, дэцэнтралізацыя, адсутнасць дыскрымінацыі па гендэры, узросце і іншых крытэрыях, развіццё міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння.

Зоя Белахвосцік. Фота: Мацей Рукаш

Каманды працавалі над пытаннямі развіцця: прафесійнай супольнасці і сумежных мастацтваў, даследчай дзейнасці ў галіне тэатра і культуры, нефармальнай і акадэмічнай адукацыі ў сферы тэатра, навукова-даследчай дзейнасці, прасоўвання і адвакацыі парадку дня беларускага тэатра ў Беларусі і за яе межамі. 

Цягам працы выявілі наступныя напрамкі БІТ: фасілітацыя і падтрымка прафесійнай супольнасці ўнутры краіны і за яе межамі, стварэнне і каардынацыя праграм кансультацыйнай падтрымкі (юрыдычнай, псіхалагічнай і інш.), распрацоўка методык, адукацыйных праграм для супольнасці, стварэнне міжнародных праграм супрацоўніцтва, развіццё эфектыўнага менеджменту ў беларускім тэатры. 

А.Гарбуз у спектаклі «Плошча Перамогі» А. Гарцуева

Акрамя гэтага, Інстытут зоймецца фіксацыяй і каталагізацыяй тэатральнага працэсу, архівацыяй тэатральнай спадчыны, а таксама наладжваннем міжнародных сувязяў і партнёрства з замежнымі калегамі. Больш дэтальны набор функцый Беларускага Інстытута тэатра можна прачытаць у мемарандуме.

Для ўдзельнікаў досвед аказаўся цікавым, многія адзначаюць гарызантальнасць мерапрыемства і фокус на ўсіх людзей, якія маюць дачыненне да тэатра. 

Так, тэатральны крытык і журналістка Анастасія Панкратава адзначае: «Падабалася змена дзейнасці: акрамя выступленняў спікераў была магчымасць папрацаваць у групе, агучыць сваё бачанне праблемы і варыянты яе вырашэння, абмеркаваць на роўных з усімі ўдзельнікамі канферэнцыі сітуацыю і шляхі выхаду з яе».

А Максім Шышко, актор і рэжысёр, дзеліцца сваім уражаннем: «Моцна радуе той факт, што стварэнне БІТ – гэта ініцыятыва знізу, ад дзеячаў тэатра. Ідэя лунала ўжо доўгі час у паветры, і цяпер у нас з’явілася магчымасць сфармаваць інстытуцыю, якая сапраўды стане для нас карыснай, будзе слухаць нас і рэагаваць на нашыя запыты».

Уладзімір Ушакоў і зусім заяўляе: «Беларускі тэатр у Новай Беларусі будзе іншым».

Важнай часткай прынцыпу працы БІТ застаецца гарызантальнасць і адкрытасць. Зараз пачынаецца праца па запуску кірункаў працы Інстытута, таму зацікаўленыя могуць далучыцца наступным чынам: запоўніць анкету ці напісаць на email або ў сацыяльныя сеткі. 

Сачыце за сацыяльнымі сеткамі Беларускага тэатральнага кам’юніці, дзе каманду будзе дзяліцца вынікамі працы БІТ і публікаваць карысную інфармацыю для тэатральных дзеячаў:  InstagramTelegramEmail

budzma.org