Фільмы «Баба, Ваня і каза» і «Пасха Хрыстова» Дар’і Юркевіч сталі даступныя на платформе VODBLISK

Два фільмы беларускай рэжысёркі Дар’і Юркевіч — «Баба, Ваня і каза» і «Пасха Хрыстова» — папоўнілі медыятэку анлайн-кінатэатра VODBLISK. Такія розныя фільмы па форме і змесце маюць насамрэч адзін аб’ект даследавання: беларуская рэчаіснасць узору 2014-2015 гадоў, аднак зразумелая і актуальная і сёння.

Дар’я Юркевіч, прайшоўшы шлях ад дыпламаванага хіміка да крэсла рэжысёркі, сцэнарысткі і прадусаркі, мае ў кінематаграфічным партфелі чатыры фільмы, два з якіх цяпер можна паглядзець на платформе VODBLISK. Абодва фільмы зробленыя сумесна Беларуссю і Францыяй. Што ні дзіўна, улічваючы, што Дар’я Юркевіч вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і нацыянальнай студыі сучаснага мастацтва Le Fresnoy у Францыі.

Прэм’ера дэбютнага фільма Дар’і Юркевіч «Баба, Ваня і каза» (2014) адбылася на кінафестывалі ў Клермон-Феране, пасля чаго карціну паказалі прыкладна на 30 міжнародных кінафэстах па ўсім свеце. Ігравы кароткаметражны фільм паказвае адзін дзень з жыцця ў звычайнай беларускай вёсцы. Аднак гэта не ідэалізаваная ілюстрацыя вёскі з вячэрнім сонцам на прыродзе, дрэвамі з налітымі яблыкамі і ранішнімі крыкамі пеўняў. У стужцы «Баба, Ваня і каза» рэжысёрка адлюстроўвае жыццё ў вёсцы з крытычным рэалізмам, расказваючы гісторыю бабулі Сімы, якая хвалюецца за будучыню сына з алкагольнай залежнасцю і спрабуе змагацца са сваёй суседкай Глашай, якая варыць і прадае самагон у вёсцы.

Кадр з фільма «Баба, Ваня і каза»

Практычна без дыялогаў, але з вялікай увагай да дэталяў у рэжысёркі атрымалася зрабіць фільм для ўсіх, хто хоча паглядзець на беларускую вёску з яе хараством і турботамі. Дзень бабулі Сімы пачынаецца з назірання, як Ваня ляжыць нерухома ў нейкім рове, ды гэтым жа і заканчваецца. Закальцаванасць падзей намякае на тое, што ўсё паказанае быццам паўтараецца дзень пры дні. І сярод гэтага засмучэння адзіным сябрам і аддушынай, якая прыхарошвае адзіноту бабы Сімы, застаецца каза.

Дакументальны кароткі метр «Пасха Хрыстова» (2015) паказвае Вялікдзень, калі царква немінуча сустракае невычэрпную плынь вернікаў, многія з якіх прыходзяць туды толькі раз на год — у гэты дзень.

Кадр з фільма «Пасха Хрыстова»

У гэтым пераважна чорна-белым назіранні, пазбаўленым каментароў, мы нібы сведкі праваслаўнай велікоднай цырымоніі, падчас якой па звычаі святар свянціць ежу. Пакуль вернікі на фоне недабудаванага жылога комплексу раскладваюць прынесеную з сабой ежу і абмяркоўваюць надзённае, глядач пачынае пакрысе даведвацца, хто гэтыя людзі і пра што яны думаюць. І гэтыя фрагменты размоваў падштурхоўваюць да схаванага пачуцця незадаволенасці сістэмай.

Фільмы «Баба, Ваня і каза» і «Пасха Хрыстова» можна набыць паасобку за 5$ на 30 дзён. 30 дзён будуць адлічвацца з моманту першага прагляду фільма. Больш за тое, у гэты прамежак глядзець стужку можна любую колькасць разоў. І нагадваем, што гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна гэтыя фільмы і ўсе іншыя з медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.

Каб не прапусціць цікавінкі беларускага кіно, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: InstagramFacebookViber.

Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.

budzma.org