Рада Беларускае Народнае Рэспублікі прымае да ведама інфармацыю пра незаконны крымінальны перасьлед, распачаты карніцкімі органамі нелегітымнага рэжыму на чале з А.Лукашэнкам.
Дадзены факт ніякім чынам не паўплывае на дзейнасьць Рады БНР, яе ўзаемадзеяньне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасьць Украіны.
Больш за тое, заведама незаконныя і абгрунтаваныя экстрэмісцкай ідэалёгіяй рэжыму Лукашэнкі рашэньні і дзеяньні, у тым ліку псэўдаюрыдычнага характару, папаўняюць сьпіс злачынстваў, якія могуць быць падставай для крымінальнага перасьледу датычных да іх асобаў пасьля аднаўленьня законнасьці на тэрыторыі Беларусі.
Абвінавачваньні супраць Рады БНР, у тым ліку заявы пра адмаўленьне Радай БНР незалежнасьці беларускай дзяржавы, носяць заведама ілжывы і абсурдны характар, асабліва з улікам таго, што менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 году абвесьціла пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай сувэрэннай Беларусі.
Таксама Рада БНР нагадвае, што неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія зьдзяйсьнялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжым нямецкіх нацыянал-сацыялістаў.
У прыватнасьці, у сваёй заяве ад 22 чэрвеня 2021 г., прынятай з нагоды васьмідзясятых угодкаў ад пачатку гітлераўскай акупацыі Беларусі, Рада БНР казала пра наступнае:
“Рада БНР салідарызуецца з рашэньнямі Нюрнбэрскага трыбуналу ў асуджэньні даказаных вайсковых злачынстваў, зьдзейсьненых на тэрыторыі Беларусі нямецкімі войскамі і іхнымі хаўрусьнікамі, у тым ліку як беларусамі, так і расейскімі нацыяналістамі і прадстаўнікамі іншых краінаў. Рада БНР асуджае ўсе арганізацыі, прызнаныя злачыннымі рашэньнем Нюрнбэрскага трыбуналу.
Разам з тым, Рада БНР асуджае прапагандысцкае злоўжываньне тэмаю трагедыі Другой Сусьветнай вайны з боку таталітарнага савецкага рэжыму і ягоных сучасных спадкаемцаў.
Камуністычныя ўлады выкарыстоўвалі калясальную траўму беларускага народу ад вайны дзеля маніпуляваньня нашым народам, распальвання варажнечы да іншых краінаў, прыхаваньня памяці пра масавы савецкі палітычны тэрор і масавыя савецкія вайсковыя злачынствы, а таксама дзеля ўмацаваньня сваёй злачыннай антыбеларускай улады.
Рада БНР заяўляе, што былы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ёсьць адзіным галавой сучаснай эўрапейскай дзяржавы, які зьяўляецца адкрытым ідэйным пасьлядоўнікам як савецкага, так і гітлераўскага рэжымаў.
А. Лукашэнка публічна рабіў антысэміцкія заявы і заявы пра непаўнавартаснасьць беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасьці.
А. Лукашэнка публічна выказваў захапленьне палітычнымі практыкамі А. Гітлера і за амаль тры дзесяцігодзьдзя свайго незаконнага кіраваньня выбудаваў палітычную сыстэму Беларусі ў адпаведнасьці з гітлераўскімі прынцыпамі пагарды да дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека, пагарды да парлямэнцкай дэмакратыі, а таксама канцэнтрацыі абсалютнае ўлады ў адных руках.”
Акрамя гэтага, у сваёй заяве з нагоды сямідзясятых угодкаў ад заканчэньня Другой Сусьветнай вайны ад 8 траўня 2015 году Рада БНР сьцьвярджала наступнае:
“Перамога над нацыянал-сацыялістычнай Нямеччынай, важны ўнёсак у якую зрабілі беларусы, выратавала мільёны людзей ад прамой пагрозы фізычнага вынішчэньня. На жаль, у выніку вайны Беларусь не атрымала свабоды, але на амаль 50 гадоў засталася пад савецкай акупацыяй, якая суправаджалася русіфікацыяй і рэпрэсіямі супраць іншадумцаў, у тым ліку супраць прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.
Чалавецтва павінна шанаваць памяць ахвяраў Другой Сусьветнай вайны і зрабіць усё, каб такая вайна ніколі больш не паўтарылася.”
Ніжэй прыведзеныя спасылкі на заявы і публікацыі Рады БНР па дадзенай тэме:
Заява Рады БНР з нагоды 70-годзьдзя ад заканчэньня Другое Сусьветнае вайны (8.5.2015): https://www.radabnr.org/ww2-70/
Дэклярацыя памяці і салідарнасьці (30.10.2016): https://www.radabnr.org/declaration-memory-solidarity-be/
Эўрапейскі дзень памяці ахвяраў нацызма і сталінізма (23.8.2017): https://www.radabnr.org/ussr-nazi-1939/
Заява Рады БНР да 80-х угодкаў Пакта Молатава-Рыбэнтропа (23.8.2019): https://www.radabnr.org/molotov-ribbentrop-80/
Памяць пра Другую Сусьветную вайну павінна быць падмуркам міру, свабоды і дэмакратыі – Заява Рады БНР (22.6.2021): https://www.radabnr.org/ww2-2021/