3 кастрычніка ў Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч.
Нарадзілася ў 1946 годзе ў Аўгустове пад Бельскам. Вырасла ў Бельску, да якога ставілася як да роднага горада і адводзіла яму шмат месца ў сваёй творчасці.
Скончыла Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, затым беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце. Пасля вяртання з вучобы працавала ў Бельскім доме культуры.
Дэбютавала ў беларускім тыднёвіку «Ніва» ў 1970 годзе. Была аўтарам некалькіх зборнікаў паэзіі, выдадзеных у Польшчы, а таксама зборніка «Дзверы», выдадзенага ў Мінску разам з беларускім паэтам Алесем Разанавым.
Жыла ў Бельску Падляшскім. Была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», а з 1992 г. — таксама Аб’яднання польскіх пісьменнікаў. Узнагароджана залатым знакам «Заслужаны дзеяч культуры».
Згуртаване беларусаў свету «Бацькаўшчына» смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім спадарыні Надзеі Артымовіч.