Канец сезону беларускіх фэстаў

Танцавальны ансамбль „Перапёлка” на фэсце з цыклу „І там жывуць людзі” ў Палічнай. Фота арганізатараў

Так як у мінулым годзе Беларускае грамадска-культурнае таварыства з ліпеня па верасень зладзіла беларускія народныя фэсты у розных гарадах і мясцовасцях рэгіёну.

Старшыня БГКТ Васіль Сегень у Фейсбуку пажаліўся, што „мала што змянілася ў падыходзе некаторых палітыкаў і мясцовых уладаў да дзейнасці БГКТ”. Гэта намёк на маргінальны цяпер падыход да дзейнасці арганізацыі з боку афіцыйных асоб. „Каму яны чыняць крыўду такой грэблівасцю? Мне, Васілю Сегеню? Не, даражэнькія! Вы наносіце шкоду вашым жыхарам, магчыма вашым выбаршчыкам” – напісаў старшыня. Гэта рэакцыя на непрысутнасць падчас фэстаў прадстаўнікоў уладаў, палітыкаў і важных асоб, якія ў мінулым былі заўсёды сярод гледачоў і ў такі спосаб павышалі ранг фэстынаў і самога БГКТ.

3 верасня апошні ў сёлетнім сезоне свой фэст правёў Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы. Адбыўся ён у Палічнай, што ў гміне Кляшчэлі. Гэта быў фэст з цыклу „І там жывуць людзі”. Ужо 15-ты год арганізатары ў супрацоўніцтве з мясцовымі самаўрадамі ладзяць такія мерапрыемствы ў абезлюднелых вёсках на Гайнаўшчыне і Бельшчыне. Іх мэта – развесяленне нешматлікіх жыхароў, больш часовых як пастаянных, беларускімі песнямі і гэтым прыпомніць культуру, традыцыю і спадчыну продкаў. На гэтых фэстах палітыкі таксама бываюць зрэдку, але арганізатарам і публіцы гэта не перашкаджае. Хутчэй наадварот.

czasopis.pl