Камітэт Будучыні Сейма Рэспублікі Літва правёў круглы стол пад назвай «Літвінізм»: паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларусамі і літоўцамі».
У межах сустрэчы беларускіх і літоўскіх гісторыкаў, палітыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый прагучаў і відэазварот Святланы Ціханоўскай. Прамову лідаркі беларускай апазіцыі пракаментаваў удзельнік круглага стала, гісторык Аляксандр Пашкевіч:
— Фактычна прамова Ціханоўскай была пабудаваная даволі проста, без усякіх агаворак. Яна была пра тое, што „літвінізм“ палітычны рэальны ці ўяўны, што ён правакацыя, што беларускі народ, збольшага такія ідэі не падтрымлівае. Можна зрабіць выснову, што палітычна яго не існуе.
У ходзе круглага стала былі прааналізаваны і абмеркаваны праблемы гісторыі і гістарычнай памяці ва ўзаемадзеянні беларусаў і літоўцаў на фоне сучаснай міграцыі. Асобна была абмеркавана магчымасць стварэння двухбаковай Грамадскай гістарычнай камісіі з прадстаўнікоў грамадскасці і акадэмічных колаў Беларусі і Літвы.