«Я маю бінты, каб апрацаваць гэтыя раны». LAZARET – персанальная выстава Цемры ў Празе

Адкрыццё персанальнай выставы LAZARET беларускай мастачкі Цемры адбудзецца 5 кастрычніка ў пражскай галерэі BESEDER. Гэта выстава — пра чалавека, пра яго пакуты, павагу да ахвяр і дапамогу адзін аднаму.

Выстава LAZARET

Цемра — мастачка, чый жыццёвы і творчы шлях быў закрануты масавымі пратэстамі і рэпрэсіямі ў Беларусі. У 2021 годзе Цемра была вымушаная пакінуць радзіму праз пагрозу палітычнага пераследу з боку ўладаў. Спачатку яна пераехала ў Кіеў, а затым, з пачаткам вайны ва Украіне, Цемра эмігравала ў Варшаву. За свае дасягненні ў мастацтве мастачка атрымала прызнанне, уключаючы ўзнагароды на буйнейшых арт-фестывалях Беларусі. Яе персанальныя выставы праходзілі ў прэстыжных галерэях Мінска, падкрэсліваючы яе ўклад у сучаснае мастацтва і беларускую культурную спадчыну.

Творы Цемры — візуальнае даследаванне траўмы, дзе бінты замяняюць палатно. Бінт як сімвал спагады і эмпатыя людзей адзін да аднаго. Гэты жэст паказвае важнасць спачування і падтрымкі, падкрэсліваючы каштоўнасць гэтых якасцяў у працэсе лекавання.

Выстава LAZARET

У сценах LAZARETа будзе паказана калекцыя карцін і арт-аб’ектаў, створаных за апошнія тры гады ў трох краінах: Беларусі, Украіне і Польшчы. Ад масіўнага жалобнага вэлюму 6х6 метраў з малюнкам дроту, да карцін, якія спалучаюць скульптуру і жывапіс. Некаторыя з прац, паказаных на выставе, эвакуяваныя з Кіева ў пачатку вайны.

Праект быў паказаны ў Варшаве вясной 2023 года і атрымаў значны поспех, адгукнуўшыся ў сэрцах людзей. У Празе выстава будзе дапоўненая новымі творамі і прадстаўлена ў абноўленай форме. У прасторы, апісанай як лазарэт, мастацтва можа стаць снадзівам узаемадапамогі. Як і ў лазарэце, дзе людзі атрымоўваюць дапамогу і падтрымку ад медычнага персаналу, наведвальнікі выставы праз працы Цемры могуць выявіць новы ўзровень разумення і адчування культурнай траўмы і яе наступствы, прэпараваць свае пачуцці.

Адкрыццё выставы адбудзецца а 19.00 гадзіне. Выстава будзе суправаджацца арыгінальным тэкстам культуролага, журналіста і педагога Максіма Жбанкова. Гук выставы напісаны Эмілем Зянько, а пах выставы — румынскім парфумерам Toskovat’.

budzma.org