Батумі: школа для маленькіх беларусікаў

У грузінскім Батумі на базе прасторы „аКсяродак” адчыняецца беларуска-грузінска-французская школа, дзе будуць вучыцца дзеткі з 1 па 6 клас.

Асаблівасцю гэтай школы будзе тое, што дзякуючы ёй будзе магчымасць афармлення ВНЖ, а таксама ў школкі будзе грузінская атэстацыя.

Пра школу распавядае адная са стваральніц – Аксана Акуневіч:

– Гэта школа, якая разлічана на дзяцей беларусаў, якія знаходзяцца зараз у Батумі. Мы адкрываем з 1-га па 6-ты клас. Хутчэй за ўсё, гледзячы па запытах, гэта будзе пачатковая школа. І на гэты год у нас толькі 26 месцаў па квоце грузінскай. У нас будуць тры дні, дзе навучанне толькі на беларускай мове, там будуць абавязковыя прадметы – беларуская мова з літаратурай, матэматыка, сусвет і гісторыя і геаграфія Беларусі “Мая краіна Беларусь”. А два дні на тыдзень будзе грузінская частка. Там будуць дзве гадзіны грузінскай мовы, адна гадзіна французскай мовы.

Па словах Аксаны, у школе будуць таксама заняткі па грузінскім мастацтве:

– І яшчэ адна гадзіна шахматаў у адзін дзень. І ў адзін дзень – грузінскае мастацтва. Гэта аб’яднаны прадмет, дзе грузінскія танцы, грузінскія спевы, музыка і мастацтва малявання.

РР: А выкладчыкі ў беларускай частцы, гэта беларусы, якія жывуць тут, ці будуць прыязджаць людзі з Тбілісі ці іншых гарадоў?

– Гэта тыя людзі, якія выбралі Батумі для пражывання.

Беларусы Батумі змогуць аддаць сваіх дзетак у гэтую школу на платнай аснове. Навучанне штомесяць будзе каштаваць 500 лары (гэта прыкладна 200 даляраў). Даведацца падрабязнасці па навучанні ў гэтай школе магчыма праз тэлефон і тэлеграм:

+995 599 63 51 95 (Аксана)

У Тэлеграме: @aksiarodak

Ці ў суполцы @school_aksiarodak.

racyja.com