У беластоцкім Хабе «Новая Зямля» адбылася сустрэча-нэтворкінг палякаў і жыхароў Беластока з беларусамі, што прыехалі нядаўна.
Кажа арганізатар, супрацоўніца Цэнтра падтрымкі грамадскіх арганізацый Ірына Капланашвілі:
– Цэнтр падтрымкі недзяржаўных арганізацый пры падтрымцы польскіх фондаў праводзіць цыклічныя сустрэчы ў фармаце “Людзі для людзей”. Гэты метад дыялогу распрацаваны ў адказ мігрантам і людзям мясцовай грамады, якія прыносяць з сабой цікавыя тэмы для пашырэння кантактаў, знаёмства паміж сабой. Асноўная ідэя, якая палягае ў аснове праекта, заключаецца ў тым, каб інтэграцыя ператварылася з палітыкі ў матэрыяльную падзею. Сустракаюцца рэальныя людзі адзін з адным з адкрытымі сэрцамі і размаўляюць на розныя тэмы. З боку палякаў, каб яны разумелі, хто жыве побач з імі, якія суседзі ў іх. І каб далей яны працягвалі зносіны.
У сустрэчы прынялі ўдзел 21 чалавек, сярод іх – 13 грамадзян Беларусі, якія нядаўна пераехалі ў Беласток. Сферамі абмеркавання сталі праца, адукацыя, дзеці і адпачынак на Падляшшы. Арганізатары паабяцалі працяг падобных сустрэч. Праект адбываецца пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).