Беларусы Батумі сустрэліся з Алінай Коўшык

Прадстаўнікі беларускай дыяспары грузінскага Батумі сустрэліся з Алінай Коўшык, прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай.

Аліна Коўшык распавяла аб сваім бачанні жыцця беларусаў Батумі:

 Праблемы беларусаў вельмі падобныя ў розных краінах. Ёсць толькі, пэўна, акалічнасці, якія больш або менш спрыяюць развіццю беларускіх супольнасцяў. Што мне было вельмі радасна пачуць на сустрэчы, гэта тое, што тыя беларусы, якія жывуць у Грузіі, яны сапраўды выбралі гэтую краіну свядома. Яны хацелі б тут заставацца, развіваць беларускую супольнасць, беларускія праекты.

Па словах Аліны Коўшык, галоўная праблема беларусаў Грузіі – гэта легалізацыя:

 На дадзены момант гэта перадусім праблема з легалізацыяй. І гэта тое, з чым мы будзем спрабаваць працаваць на дзяржаўным узроўні, на кантактах з нашымі дэпутатамі, якія ў нас ёсць. Але, канешне, мы разумеем, улічваючы тыя палітычныя акалічнасці, якія ёсць, будзе дастаткова цяжка гэтага дамагчыся. Але тым не менш мы ўжо перадалі спіс праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Грузіі.

Аліна Коўшык паабяцала таксама сустрэцца з беларусамі, што жывуць у грузінскай сталіцы – Тбілісі і даведацца пра тое, як жывуць беларусы ў гэтым грузінскім горадзе.

racyja.com