Беларускія эмігранты: «Мы прывезлі б з Польшчы ў Беларусь свабоду…»

Ілюстрацыйны здымак https://flagmaster.com.ua/flag/belarusii-1.html

У Польшчу яны пераехалі пасля падзей 2020 году разам з фірмай у якой працавалі. Наладзілі быт, цікавяцца традыцыямі, вучаць мову, але мара адна – вярнуцца дамоў.

У нашых мясцінах яшчэ п’юць ваду з балота, але дыхаць там цяжка…

Святлана і Андрэй родам з Віцебску, працуюць у ІТ-сферы, хаця абое першапачаткова сканчалі ветэрынарную акадэмію. Наша размова пачалася з таго, што згадалі іх прыгожы горад, вядомых людзей кшталту Шагала, Пэна, іншых. Праўда, мае суразмоўцы з жалем зазначаюць, што горад іх блізка ад расейскай мяжы і вельмі моцна русіфікаваны.

І калі мы прыязджалі ў Мінск і іншыя гарады нашай Беларусі, асабліва ў Гродна, і чулі там беларускую мову – гэта было так вельмі добра для нашых вушэй. Думаю, што і мы і большасць людзей, якія жывуць у Віцебску, недзе ў душы схіляюцца да сваёй роднай мовы, памятаюць яе і хаваюць…

А потым следам за сваім горадам мае суразмоўцы з непадробным сумам цікаўна распавядаюць пра наваколле, прыроду свайго краю. І адчуваецца, што яны надалей гэтым жывуць. Асабліва калі гавораць пра балота Ельня.

– Гэта месца міграцыі птушак, асабліва жураўлёў. Гэта балота – сапраўды лёгкія Еўропы. Яно вельмі вялікае і там пануе нейкая энергетыка яшчэ з тых стагоддзяў. Там для турыстаў з дапамогай Еўразвязу зрабілі драўляны насціл і можна па ім прайсці і шмат пабачыць. На першы погляд здаецца там толькі балота парослае кустоўем, але пануючая несамавітая цішыня ўражвае. І толькі: курлы-курлы, цвісь-цвісь – птушкі там. Гід, які з намі быў, нават прапаноўваў піць ваду з гэтага балота – настолькі яна чыстая…

Тым не менш, нягледзячы на ўсю такую прыгажосць, Святлана і Андрэй задумваліся яшчэ ў 2019 годзе, каб пакінуць краіну, змяніць месца жыхарства.

– Не было чым дыхаць у роднай краіне. На ўсё існавалі нейкія забароны: таго нельга, туды нельга, тут стой, туды не хадзі і г.д. Стабільнасць існавала, а па-іншаму – застой, паветра не ставала. І мы пачалі задумвацца аб пераездзе ў іншую краіну, дзе можна было б рэалізавацца ў жыцці.

Праўда, як не дзіўна, іх погляды шмат у чым змяніліся падчас кавіду. Святлана і Андрэй згадваюць, што ніколі раней у сваёй краіне не адчувалі такой салідарнасці, калі людзі, нягледзячы на абыякавасць уладаў, аб’ядналіся і пачалі дапамагаць адзін аднаму, каб абараніцца ад нахлынуўшай хваробы.

– І гэта так уразіла. Аказваецца, нашы людзі здольныя на многае, у нас яшчэ нешта цепліцца, не ўсё згублена і мы нешта можам…

Былі планы, але 2020 іх змяніў…

Былі нават планы адчыніць свой бізнес, хацелі зрабіць кавярню з афрыканскай крафтавай кавай. Мае суразмоўцы аматары вандровак і заўсёды прывозяць з іншых краінаў тое, чаго няма ў Беларусі. А вось каву ім хацелася дастаўляць у Віцебск з Кеніі і адкрыць сапраўдную кавярню.

– Мы нават не думалі на гэтым зарабляць. Галоўным было навучыць цаніць людзей тыя харчы, якія яны маюць. Каб для іх смак кавы быў не проста смак шакаладу, а каб яны маглі адчуць смак ягады кавы.

Праўда, планы змяніў 2020 год. Жыццё, як заўважае спадарыня Святлана, перавярнулася з ног на галаву. Яны былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх акцый у Віцебску. А калі ў абласным цэнтры пратэсты прыціхлі яны сталі ездзіць у Мінск.

– У адзін “прэкрасны момомант” мне прыйшла позва з пракуратуры. Па нумары тэлефона мяне зафіксавалі на месцы, дзе адбываліся пратэсты. Праўда, на першы раз толькі папярэдзілі, я падпісала пратакол і адпусцілі. А потым яшчэ сказалі, калі пабачаць мяне на здымках падчас акцый, то будзе штраф, арышт і крымінальная адказнасць. І пасля гэтага мы вырашылі, што нам тут больш нельга заставацца.

Тыя дні забыць немагчыма

Але абодва ў адзін голас кажуць, што тады пражылі незабыўныя дні.

– Страшна было. Але быць разам з людзьмі на пратэстах нам было важна. Бо хто, калі не мы? Рэкі людзей цяклі па вуліцах з бел-чырвона-белымі сцягамі, у некага бранзалетка белая, у некага ў валасах стужачкі… Як у той песні Nizkiz:

«Гадзіну згубіліся б, але ж хтосць уздыме сцяг
Мы выйшлі на вуліцу знянацку так…»

Так яно і было. І ўсё гэта так натхняла і быў такі парыў… Мы столькіх людзей пазналі, якія зараз сталі нашымі сябрамі. З намі на маршы хадзіў разам сталы чалавек, у яго сын служыў у КДБ. Мы яго пыталі – як так? А ён адказваў, што ён бацька і ходзіць за сына, які на тым баку. Такім чынам адказваючы за яго…

Цікаўлюся ў маіх суразмоўцаў – адкуль у іх такі патрыятызм, калі яны жылі ў зрусіфікаваным горадзе?

– А гэта, як кажуць, ген беларусаў. І калі паглядзець на гісторыю, то заўсёды было знішчэнне беларускасці. Яе знішчалі, знішчалі, знішчалі, але яе знішчыць немагчыма – яна ў генах.

Нам здавалася, што бяжым спрынт, аднак…

У Польшчы Святлане і Андрэю ўдалося хутка ўладкавацца і наладзіць жыццё. Яны па-ранейшаму працуюць у той сама фірме, якая пераехала з Беларусі. Працуюць дома, ёсць заробкі, здымаюць кватэру, а таму праблемаў асаблівых не адчуваюць.

Праўда, напачатку ўвесь час чакалі таго моманту, што вось-вось вернуцца дахаты. Але той момант зацягваецца.

– Нам здавалася, што бяжым спрынт, а даводзіцца бегчы марафон…

З Польшчы мы прывезлі б свабоду

У адносінах з палякамі праблем не маюць, мову іх разумеюць, праўда, складаней на ёй гаварыць.

– Мы працуем дома, у нас няма палякаў у кампаніі, а таму можам спакойна чытаць, слухаць, а вось з тым, каб гаварыць, трохі складаней…

Згадаўшы традыцыю маіх суразмоўнікаў, паводле якой яны прывозяць дамоў нешта з сваіх вандровак, пацікавіўся, што б яны прывезлі з Польшчы? Адказ прагучаў адразу.

– Свабоду. Я, да прыкладу, у Беларусі была трошкі замкнёная ў сабе, а тут нават пафарбавала валасы, абрэзала іх, наагул расправіла плечы, тут па-іншаму дыхаецца. Так што мы з Польшчы б прывезлі свабоду.

– У мяне аднойчы чалавек спытаў – каб быць сёння добрым мастаком ці музыкам, што для гэтага патрэбна – багацце ці беднасць. Я тады не мог яму адказаць. Але потым зразумеў – трэба быць свабодным.

Калі вернемся ў Беларусь, то адразу паедзем ні ў Віцебск…

І Святлана, і Андрэй настроены на тое, што пры першай магчымасці вернуцца дамоў. Родныя мясціны не адпускаюць, часта сняцца. Яны кажуць, што і ў замежжы не спынілі барацьбу, працягваюць удзельнічаць у беларускіх справах, дапамагаюць тым, хто ў патрэбе.  А калі вернуцца на Радзіму, то першае, што зробяць…

– У мяне ёсць мара. Калі мы вернемся ў Беларусь, то адразу паедзем ні ў Віцебск, а на наша любімае возера, якое побач з Віцебскам. І там будзем сядзець, глядзець на яго і слухаць беларускую цішыню. Бо гэта для нас самае прыгожае месца на зямлі.

Павел Залескі, polskieradio.pl