А вы ўжо паведамілі ўладам пра ВНЖ у іншай краіне?

Да 10 кастрычніка грамадзяне Беларусі павінны падаць уладам звесткі аб замежных ВНЖ або грамадзянстве іншай краіны. Прапагандысты кажуць, што большасць ужо так зрабіла. Але…

Меркаванні тых, хто мае від на жыхарства ў іншай краіне падзяліліся. Хтосьці і сапраўды паведаміў пра свой статус. А хтосьці больш не гуляе з лукашэнкаўскай дзяржавай у такія гульні. Вось што думае, юрыст.

Зыходзячы са сваёй практыкі, Алесь Міхалевіч лічыць, што лепш ні ў якія “дадатковыя базы” не трапляць.

“Пакараюць вас ці не за тое, што вы не паведамілі пра свой від на жыхарства — гэта пытанне. Знаходзячыся за мяжой, пакуль не ўведзеныя нейкія санкцыйныя меры адміністрацыйнага або крымінальнага характару, я б пра ВНЖ або грамадзянстве не паведамляў. Трапленне ў любыя дадатковыя базы дадае верагоднасці, што будуць прымяняцца нейкія спецыяльныя меры, напрыклад, падатковыя або звязаныя з аплатай камуналкі ў Беларусі”.

Адвакат лічыць, што, калі чалавек плануе ехаць у Беларусь, пакуль не ўведзена адказнасць, то зможа падаць дадзеныя аб ВНЖ і пасля прыезду. Міхалевіч таксама нагадвае, што ўязджаць у РБ можна не толькі з краін ЕС, а, напрыклад, праз Расію, ляцець з Грузіі, Турцыі — у гэтым выпадку замежныя віды на жыхарства цікавіць, на яго думку, нікога не будуць.

Пры гэтым юрыст падкрэслівае, што, калі чалавек знаходзіцца ў Беларусі, працуе ў дзяржаўных органах, і ў яго ёсць ВНЖ іншай краіны, напрыклад, карта паляка, правільным было б, не зацягваючы, паведаміць аб яе наяўнасці альбо адмовіцца ад яе.

Спецыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва Алесь Міхалевіч адразу папярэджвае: як адвакат ён не мае права рэкамендаваць не выконваць закон. Аднак ён падкрэслівае:”але мы разумеем, што Беларусь з’яўляецца недэмакратычнай краінай, што мэтай гэтай меры з’яўляецца фіксацыя дадзеных грамадзян і прымяненне да іх мер рэпрэсіўнага характару”.

Алесь Міхалевіч паўтарае вядомы выраз:”няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці”. Але дапаўняе, што адказнасці як раз пакуль ніякай няма: “ёсць проста норма, што грамадзянін абавязаны гэта зрабіць, але нідзе не сказана, што будзе, калі ён гэтага не зробіць”.

Ён нагадвае, што яшчэ нядаўна пастаноўка на консульскі ўлік мела сэнс. “Гэта быў не толькі абавязак, чалавек набываў новыя правы, напрыклад, мог мяняць пашпарт у консульстве, галасаваць на тэрыторыі амбасады падчас выбараў. Усе гэтыя перавагі скончыліся, ці мае сэнс сёння станавіцца на консульскі ўлік?”

novychas.online