На парыжскім аўкцыёне выставілі палотны Суціна і Шагала

У Парыжы 20 кастрычніка пройдзе аўкцыён па продажы карцін мастакоў «Парыжскай школы». Гэта знакамітыя геніі імпрэсіянізму і мадэрну — Мадзільяні, Магрыт, Маціс, Рэнуар, Пікасо, Далі, а таксама ўраджэнцы Беларусі — Марк Шагал і Хаім Суцін. Сярод мноства мастацкіх лотаў ёсць і іх работы.

На таргах выстаўленыя 3 карціны нашых землякоў. Палатно Хаіма Суціна пад назвай «Сельскі пейзаж у Серэ» спецыялісты ацанілі як мінімум у 600-800 тысяч еўра. І гэта толькі пачатковы кошт, які падчас аўкцыёну можа значна вырасці.

«Сельскі пейзаж у Серэ», Хаім Суцін. Фота: Sotheby’s

Акрамя таго, на таргі выставілі дзве работы ўраджэнца Віцебска Марка Шагала. Гэта «Кветкі, грушы і вінаград» і «Два букеты». 

«Два букеты», Марк Шагал. Фота: Sotheby’s

«Два букеты» Марка Шагала ацанілі ў 200-300 тысяч еўра, другое палатно — у 220-350 тысяч еўра.

«Кветкі, грушы і вінаград», Марк Шагал. Фота: Sotheby’s

«Шагал і Суцін нагадваюць нам пра час, калі Парыж быў цэнтрам свету», — пішуць у анонсе аўкцыёна дома Sotheby’s.

У Беларусі карціны мастакоў «Парыжскай школы» захоўваюцца ў галерэі «Арт Беларусь». Адзін з самых каштоўных і вядомых артэфактаў калекцыі — «Ева» Хаіма Суціна. Знакамітае палатно, якое стала адным з сімвалаў падзей 2020 года, ацэньваецца ў 2 мільёны еўра.

budzma.org