Прэс-клуб Беларусь зладзіў анлайн-дыскусію, прысвечаную запуску праекта Цэнтра новых ідэй „Чарнавік беларускіх рэформ”.
За ўзбуйненне тэрытарыяльнага падзелу Новай Беларусі выказаўся старшыня праўлення Агенцтва падтрымкі ўстойлівых гарадоў і супольнасці „Інтэракцыя” Іван Шчадранок:
– Асноўная канцэпцыя заключаецца ў тым, што мы павінны адысці ад сістэмы трохузроўневага кіравання, калі ў нас ёсць: вобласць, раён і сельскі савет. Трэба перайсці на двухузроўневую сістэму з павелічэннем колькасці абласцей і памяншэннем гэтых базавых сельскіх саветаў. Больш аб’яднанне па прыкладу таго, як рабілася, напрыклад, ва Украіне.
Удзельнік сустрэчы, эканаміст Леў Львоўскі асобна звярнуў увагу на энергабяспеку Беларусі:
– У Беларусі паўнаводных рэк не так шмат, нафты здабываецца не так шмат. Тэарэтычна атамная энергія ў Беларусі – гэта добра, яна паўсюдна добра. Але з БелаАЭС ёсць дзве праблемы. Першая праблема, гэта тое, як яна была пабудаваная. Не было назіральнікаў, там ёсць сістэма падаўлення любых скарг, любых справаздач. Самае першае, што трэба будзе зрабіць, гэта прывесці туды экспертаў з МАГАТЭ, міжнародных экспертаў, каб яны пераправерылі ці там насамрэч усё добра. Другая праблема палітычная.
Па словах Льва Львоўскага, у Новай Беларусі неабходна будзе стварыць беларуска-літоўскую камісію па атамнай бяспецы рэгіёна і бяспечных крыніцах энергіі. Таксама ўдзельнікі сустрэчы „Чарнавік беларускіх рэформ” абмеркавалі рэформы адукацыі, аховы здароўя і правапрымянення ў Беларусі.