У пятніцу, 13 кастрычніка, у Вільні ў прасторы «Дом Легенд», што не так даўно адчынілася ў літоўскай сталіцы, прайшоў аўтарскі вечар Змітра Бартосіка.
Спадар Зміцер — бард, журналіст, пісьменнік, цалкам адпавядае назве месца — ён сапраўды асоба легендарная.
Імпрэза праходзіла пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў. Пісьменнікі ж, а таксама журналісты складалі значную частку гледачоў у залі.
У праграме пад назвай «Сьмяяцца, плакаць і сьпяваць» гучалі рамансы, балады, песні на вершы Вярцінскага, Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага ў перакладах Рыгора Барадуліна. Гітары барда акампанавала на баяне ягоная жонка Таццяна Карпіловіч. У другой частцы імпрэзы Бартосік прачытаў некалькі сваіх празаічных твораў, у тым ліку адрывак з «Забіць упалмінзага», які не ўвайшоў у кнігу.