Амерыканская кінаакадэмія абвясціла шорт-ліст прэтэндэнтаў на 95-ю прэмію «Оскар» у дзесяці намінацыях. У намінацыю «Лепшы анімацыйны кароткаметражны фільм» увайшоў мульцік Sierra (Эстонія), над стварэннем якога працаваў беларускі мастак і аніматар, паведамляе CityDog.io.
Як распавёў беларускі мастак і аніматар Глеб Куфтэрын, які цяпер жыве ў Таліне, Sierra цалкам Эстонскі фільм і зроблены рэжысёрам Сандэрам Ёнам (Sander Joon), адной з зорак мясцовай анімацыі, у супрацоўніцтве з эстонскай жа студыяй BOP і AAA Creative.
«Мне ж пашчасціла трапіць на праект на адносна познім этапе яго стварэння, калі ўся анімацыя была ўжо зробленая і заставалася дарабіць фоны і асяроддзе. Уласна стварэннем і кампаноўкай фонавай я там займаўся», — распавёў Глеб.
У цэнтры сюжэту анімацыйнай кароткаметражкі — хлопчык, які падчас міжнародных аўтараллі ператвараецца ў аўтамабільную покрыўку. Пад пластом абсурду анімацыйны фільм распавядае гісторыю пра пошукі свайго месца ў жыцці і пра выпрабаванні бацькоўства.
«Так выйшла, — дзеліцца Глеб, — што я цяпер жыву ў Эстоніі і мяне паклікалі на праект праз тое, што мой стыль адносна падобны на стыль фільма, таму было не складана вытрымаць агульную эстэтыку карціны, працуючы над фонамі».
Sierra гэтым годзе заваяваў мноства ўзнагарод па ўсім свеце, а атрыманая на фестывалі Амерыканскага інстытута кіно (AFI Fest) ўзнагарода стала трэцяй прэміяй з кваліфікацыяй «Оскара».
budzma.org паводле CityDog.io