Выйшла новая кніга эсэіста і філосафа Валянціна Акудовіча

Праца на 400 старонак, якая пісалася Валянцінам Акудовічам некалькі гадоў, пабачыла свет пад назвай «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» у выдавецтве «Логвінаў». Неўзабаве кніга павінна з’явіцца на пляцоўках выдавецтва.

Кніга “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”. Фота: Facebook Валянціна Акудовіча

Фрагментамі гэту працу некалькі год запар друкаваў часопіс «Дзеяслоў».

«Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе «мая краіна». З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!», — піша Валянцін Акудовіч на сваёй старонцы ў Facebook з нагоды выхаду кнігі.

Валянцін Акудовіч — беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык, у свой час блаславіў Бум-Бам-Літ. Нарадзіўся ў 1950 годзе ў Свіслачы. Скончыў Літінстытут у Маскве (1980), у 90-х працаваў у штотыднёвіку «Культура», потым рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса «Крыніца». Выкладаў у Беларускім калегіуме (куратар аддзялення філасофіі і літаратуры).

Валянцін Акудовіч

Аўтар кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015).

budzma.org