Дыскусію пра еўрапейскую перспектыву Беларусі правядзе 8 лістапада нямецкі парламент.
Як паведамляе прэс-служба бундэстага, па выніках дэбатаў адбудзецца галасаванне па заяве “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”, якую падрыхтавалі фракцыі кіруючай кааліцыі: Сацыял-дэмакратычнай партыі, “Саюза-90/“Зялёныя” і Свабоднай дэмакратычнай партыі.
У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца дзесяць патрабаванняў бундэстага да ўрада Германіі, у тым ліку працягнуць працу над жорсткімі кропкавымі санкцыямі супраць усяго беларускага апарата сілавікоў, надаць маштабную падтрымку ахвярам гвалту, рэпрэсій і катаванняў, аблегчыць уезд грамадзянам Беларусі, у дачыненні да якіх даказаны палітычны пераслед, падтрымліваць дэмакратычныя сілы, беларускую грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ ды іншыя.