Беларусаў моцна хвалюе адно з галоўных пытанняў: як пазбавіцца ад страшнага дыктатара і вызваліць палітзняволеных, якіх мардуюць у засценках турмаў. Ці ёсць шлях да перамогі і які ён можа быць?
Гутарка racyja.com з сябрам партыі БНФ, сузаснавальнікам «Нацыянальна-дэмакратычнай платформы» Віталём Макаранкам.
РР: Спроба аб’яднацца – гэта не першая спроба, якую зараз робіць Анатоль Фёдараў.
Віталь Макаранка: Гэта не ён, гэта мы ўсе разам робім, ён як адна з адказных асобаў. Гэта не першая спроба, дакладней, працэс запушчаны яшчэ ўлетку 2022 года, і першы такі сход адбыўся ў верасні 2022 года ў Варшаве. Там прысутнічала шмат людзей, у тым ліку з розных дыяспар. Гэта была такая міждыяспарная сустрэча людзей і супольнасцяў, якія маюць нацыянальна-дэмакратычныя перакананні. І тады было прынятае прынцыповае рашэнне аб тым, што гэты працэс будзе прыцягнуты да той пары, пакуль мы выканаем пастаўленыя задачы. А першасная задача – гэта аднаўленне суб’ектнасці нацыянальна-дэмакратычных сілаў беларускіх на беларускім палітычным полі. Таму што, на жаль, сёння яны ніяк там не прадстаўленыя.
І гэты працэс ідзе, і ў нас некалькі адказных асобаў. Справа ў тым, што я стала жыву ва Украіне і мне даволі праблемна часта выязджаць у Польшчу і вяртацца, і таму ў нас ёсць адказныя асобы, у тым ліку і Анатоль Фёдараў, які займаўся апошнія месяцы гэтай справай, арганізаваў сустрэчы, зараз вось гэту. І я лічу, што яна была вельмі выніковай і добрай.
А наконт пытання далучанасці хрысціянскай дэмакратыі, сёння быў адзін сябра хрысціянскай дэмакратыі Алег Аксёнаў, які займаўся каардынацыяй дзейнасці па Магілёўскай вобласці. Я лічу, што гэта значная фігура.
Што тычыцца іншых, на жаль, мы ведаем, што ў хрысціянскай дэмакратыі ёсць такі пэўны раскол на дзве, нават больш груповак. Што тычыцца размоў і кансультацый, я асабіста праводзіў гэтыя размовы са спадаром Дудкіным, вёў перапіску са спадаром Дзмітруком. Яны ў прынцыпе падтрымліваюць ідэю гэтага праекта па аб’яднанні ўсіх нацыянал-дэмакратаў, але, напэўна, у іх ёсць нейкае іншае бачанне.Чаму? Таму што яны ведалі мой кантакт, ведалі маю пазіцыю, ведалі, да каго звяртацца, але тым не менш вырашылі звярнуцца да “Народнай Грамады”. Я лічу, што і гэта нармальна. Я глядзеў вось гэты стрым, дзе прысутнічала два чалавекі – адзін ад БХД, адзін ад “Народнай Грамады”. Яны якраз-такі абмяркоўвалі гэты працэс, і я потым звязаўся з адным з іх з “Народнай Грамады” і вось запрасіў на гэтую сустрэчу. Не ведаю, быў ён ці не, але з майго боку запрашэнне было. Я думаю, што мы прыйдзем да аб’яднання ўсіх дэмакратычных сілаў, не важна, яны там левыя ці правыя, на сёння гэта абсалютна не важна.
На сёння ў нас стаяць дзве задачы – гэта вяртанне суб’ектнасці і ўдзел у фармаванні сапраўды максімальна легітымных народных структураў, якія будуць прадстаўляць беларускі народ пакуль што за межамі Беларусі. Але потым, спадзяюся, ужо і ў самой Беларусі ў пераходны перыяд.
РР: У вас ёсць план выхаду з крызіснай сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, і па вызваленні палітвязняў? Гэта асноўныя пытанні.
Віталь Макаранка: Вызваленне палітвязняў – гэта не праблема, якая існуе сама па сабе. Вызваленне палітвязняў абсалютна звязаная з праблемай існавання ўзурпатарскага, дыктатарскага, антычалавечага рэжыму Лукашэнкі. Як толькі мы пачынаем ліквідаваць гэты рэжым, думаю, што праблема з палітвязнямі вырашыцца. На жаль, гэта так. Усе ілюзіі пра тое, што будзе гандаль, яны не спраўдзіліся. Мы бачым, што рэжым пайшоў па сталінскім шляху, па шляху таталітарызму. Будзе гандлявацца, не будзе, ведаеце, гэта такая вобласць домыслаў. Ліквідацыя рэжыму адкрые шлях да вызвалення і рэабілітацыі, што таксама вельмі важна, усіх палітвязняў і ўсіх людзей, якія пацярпелі ад гэтага рэжыму.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: