27.10: У Берліне адбудзецца прэзентацыя п’есы «Экстрэмісты» беларускай паэткі Юлі Цімафеевай

27 кастрычніка ў Берліне ў Maksim Gorki Theater прэм’ерай чыткі п’есы «Экстрэмісты» Юлі Цімафеевай адкрыецца праект «Пакуль гісторыя піша сябе сама» (While history writes itself).

Юля Цімафеева

«Два паказы, запланаваныя на 27 і 28 кастрычніка ў Studio Я у Maxim Gorki Theater у Берліне», — напісала Юля Цімафеева на сваёй старонцы ў фэйсбук.

«Цягам гэтага года разам з аўтарамі і аўтаркамі з Грузіі, Малдовы, Сэрбіі, Харватыі і Украіны я ўдзельнічала ў тэатральным праекце пад назвай «While History Writes Itself». У выніку — упершыню ў жыцці я напісала п’есу, пра тое, што баліць мне, пра тое, што баліць многім беларусам.

На дадзены момант у Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязняў. І гэта толькі тыя, пра каго ведаюць праваабаронцы. «Экстрэмісты» — гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чые адзіная зброя і адзінае злачынства, — гэта голас, пра беларускіх палітвязняў».

27 і 28 кастрычніка «Экстрэмісты» будуць прэзентаваныя на сцэне Maxim Gorki Theater разам з яшчэ дзвюма п’есамі — Катэрыны Пеньковай «Барбажиньці цибулевої масті» і Тані Шлівар «Нацыянальны тэатр».

Набыць квіткі на спектаклі праекта можна тут.

budzma.org