«Змены ў рэпертуары»: у Тэатры беларускай драматургіі зніклі з афішы спектаклі ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева

Сцэна са спектакля “Сірожа“. Фота: minsknews.by

Новы сезон Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пачаўся не толькі з чытак новых п’ес, анонсу прэм’ер, але і з прагалаў у рэпертуары.

З афішы аднаго з найлепшых беларускіх тэатраў знікла пастаноўка «Сірожа» ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева па п’есе Юліі Чарняўскай. Ды гэтаксама дзіўным чынам не відаць у раскладзе да канца 2023 года аднаго з найпапулярнейшых і найвядомейшых спектакляў РТБД – «Кар’ера доктара Рауса» ў рэжысуры таго ж Аляксандра Гарцуева па п’есе Віктара Марціновіча.

Не складана заўважыць, што з рэпетуара выбываюць пастаноўкі былога мастацкага кіраўніка ўстановы — Аляксандра Гарцуева, які сёння працуе разам з незалежнай тэатральнай групай «Купалаўцы» на розных пляцоўках у Польшчы. Нагадаем, што спадара Аляксандра звольнілі з пасады яшчэ ў 2021 годзе за актыўную грамадзянскую пазіцыю, але «чыстка» яго рэжысёрскіх працаў адбылася паступова.

Гэтаксама ў лік «нядобранадзейных аўтараў» для беларускага рэжыму можна далучыць і драматурга, культуролага Юлію Чарняўскую. Нагадаем, што спектакль «Ліфт» па п’есе спадарыні Юліі быў зняты з афішы РТБД у 2022 годзе. «Сіндром Медэі» затрымаўся на пэўны час. У цэлым, складана адсачыць, у які менавіта момант пастаноўкі не проста «адкладваюцца», а знікаюць з рэпетуару канчаткова. Аднак «Кар’ера доктара Рауса» і «Сірожа» яшчэ паказваліся ў РТБД у мінулым сезоне тэатра. На «Сірожу» можна было патрапіць, прынамсі, яшчэ ўлетку.

Наконт забароны твораў Віктара Марціновіча складана рабіць высновы – усё ж такі кнігі пісьменніка не былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», але ўлічваючы апошнія тэндэнцыі па «закручванні гаек» у сферы культуры ў Беларусі, для тэатра прасцей прыбраць «хіт», чым змагацца за аўтара.

Увогуле чарговая «праполка» спектакляў «нядобранадзейных аўтараў» у РТБД — сведчанне далейшай працы ідэалагічнага апарата: «чорныя спісы» папаўняюцца і шчыльна адсочваюцца. Калі раней штосьці і праходзіла, то цяпер творцам варта чакаць яшчэ большага звужэння «прасторы для манеўру».

Нагадаем, што нядаўна reform.by пісалі пра тое, што сцэна РТБД была вымушана адмовіцца і ад спектакля польскай рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай «Гэта ўсё яна».

reform.by