Пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках напісаў рэжысёр і адзін з заснавальнікаў Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, які неўзабаве атрымае з рук караля такую самую ўзнагароду.
«Паслязаўтра, 2 лістапада, суправаджаю Наталлю Каляду ў Букінгемскі палац, дзе Яго Вялікасць Кароль Чарльз III уручыць ёй Ордэн Брытанскай Імперыі за ўклад у развіццё тэатра. А 24 студзеня яна суправадзіць мяне ў Віндзарскі замак, дзе, у сваю чаргу, гэтую ўзнагароду атрымаю я», — падзяліўся падрабязнасцямі беларускі рэжысёр, суправадзіўшы свой пост фота, на якім ён прымярае morning suit.
Наталля Каляда і Мікалай Халезін — беларуская пара, якая стварыла ў Мінску Свабодны тэатр і заваявала сваімі пастаноўкамі ўвагу па ўсім свеце. А зусім нядаўна ў лонданскім Barbican з грандыёзным поспехам прайшла сусветная прэм’ера іх спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха». Больш за дзесяць гадоў беларускія творцы жывуць у Вялікабрытаніі, якая дала ім палітычны прытулак і стала другім домам. Пра тое, што беларуская пара атрымае прэстыжную ўзнагароду, стала вядома яшчэ ў чэрвені.
«Гэтая ўзнагарода прызнае нашы дасягненні ў свеце тэатра, мастацкае выказванне нашай пастаяннай барацьбы за правы і свабоды чалавека, што забяспечваюцца дэмакратыяй, якую мы зараз называем домам», — прызнавалася тады Наталля Каляда.
Мікалай Халезін адзначаў:
«Мы жывем у тыя часы, калі часам здаецца, што мастацтва і тэатр больш не маюць значэння. Такі гонар яшчэ раз падкрэслівае сутнасць таго, чаму мы робім тое, што робім; і мы падзяляем яе з усімі, хто калі-небудзь быў і працягвае з’яўляцца часткай нашага творчага працэсу — як на сцэне, так і за яе межамі».
Ордэн Брытанскай імперыі — гэта брытанскі рыцарскі ордэн, якім узнагароджваюць за ўклад у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Узнагароды прысуджаюцца двойчы за год: на Новы год і на афіцыйны дзень нараджэння кіруючага манарха.