13-26.11: Што будзе ў міжнароднай праграме кінафестывалю «Паўночнае ззянне»?

Стала вядома, якія фільмы ўвайшлі ў балтыйска-нардычную праграму 9-га кінафэсту, які пройдзе з 13 па 26 лістапада і дасць магчымасць беларусам і беларускам бясплатна паглядзець усе фільмы міжнароднай праграмы ў online.

У міжнародную праграму «Ззяння — 2023» увайшло 17 фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі. Фокус-краінай, адкуль сёлета была адабрана найбольшая колькасць фільмаў, стала Швецыя. Сёлета можна будзе паглядзець фільмы пра барацьбу за свае правы, жаночую салідарнасць, экзістэнцыйны пошук сябе, пераасэнсаванне гісторыі сваёй сям’і, — усё гэта запраўленае неверагоднымі краявідамі і музыкай. Парэфлексаваць ці глыбей пагрузіцца ў тэму некаторых стужак гледачы змогуць падчас цікавых тэматычных падзей online і offline.

Значнай часткай балтыйска-нардычнай праграмы сёлета з’яўляецца Міжнародны конкурс дэбютных карцін, які будзе ацэньваць міжнароднае журы. Акрамя гэтага ў праграме ёсць катэгорыя фільмаў «Новы погляд», на стужкі з якой праграмеры фэсту прапануюць асабліва звярнуць увагу новаму пакаленню гледачоў.

Нагадаем, што 13-га лістапада кінафэст пачнецца з маляўнічага і вельмі ўтульнага партрэта любімай мастачкі Фарэрскіх астравоў — фільма «Сэрца творцы», а 26 лістапада завершыцца фільмам пра двухвекавыя стасункі чалавека і камеры — «І сказаў кароль: што за цуд-машына!».

Якіх яшчэ фільмаў чакаць на 9-ым кінафестывалі «Паўночнае ззянне»?

14/11/23 — «Зімняя казка», 2023, Швецыя
дакументальны, Карл Ульсан

Метаіранічны калейдаскоп нардычнай меланхоліі ў духу Роя Андэрсана і Фрэдэрыка Вайсмана, які складаецца з 24 кароткіх частак, заснаваных на аднайменнай песні шведскага музыкі Тэда Строма. Лаканічная і па-перфекцыянісцку дасканалая «Зімняя казка» практычна стварае новы жанр, які балансуе паміж арт-інсталяцыяй, кінакоміксам, камедыяй назіранняў і сацыяльнай сатырай, што базуецца менавіта на вядомай рэальнасці зімы.

15/11/23 — «Паездка з мамай», 2022, Ісландыя, Эстонія
iгравы, Хільмар Одсан

У сваім першым за 13 гадоў фільме рэжысёр Хільмар Одсан нацягвае на класіку «трупных» камедый, накшталт «Уік-энду з Берні» і «Чалавека — швейцарскага нажа», ісландскі швэдар. Атрымліваецца змрочна-камедыйны роўд-муві пра запозненае сталенне. Па сюжэце, калі матуля галоўнага героя раптоўна памірае, ён, пасадзіўшы нафарбаваны і прыбраны труп маці на задняе сядзенне аўтамабіля і прыхапіўшы з сабой улюбёнага сабаку, выконвае апошнюю волю матухны і вязе яе праз усю краіну, каб пахаваць у роднай вёсцы. У выніку, для яго гэтае падарожжа становіцца шляхам спазнання сябе, сваіх жаданняў і запозненай сепарацыі ад бацькоў.

16/11/23 — «Горы», 2023, Данія
дакументальны, Крысціян Айнсхой

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Кранальны аўтапартрэт рэжысёра, яго братоў і разбуральнай трагедыі, якая прывяла да адчужэння адзін ад аднаго. Узброіўшыся камерай, архівам з 75 000 сямейных фатаграфій, дамашнімі відэазапісамі за 30 гадоў, велізарнай калекцыяй марак, васьмібітнай музыкай Токе Брорсана Одзіна («Зімовыя браты») і латэкснымі касцюмамі Бэтмэна, Робіна і Чалавека-павука, рэжысёр вырашае растапіць увесь намерзлы за 25 гадоў лёд у сямейных адносінах. Айнсхой адпраўляецца з супергеройскай місіяй ва ўласнае дзяцінства, шчыра, з пяшчотай і гумарам спрабуючы разабрацца, чаму сямейная сувязь аказалася настолькі крохкай пад ціскам гора — і як можна сабраць яе наноў.

17/11/23 — «Хворая дзяўчына», 2022, Нарвегія, Швецыя
iгравы, Крыстафер Борглі

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Сацыяльная сатыра з элементамі бодзі-хорару, паказаная на Канскім кінафестывалі. Другі фільм Крыстафера Борглі, новага фаварыта студыі A24. У ванітнай чорнай камедыі таксічная дваццацігадовая барыста Сiгнэ (Крысцін Куят Торп з «Дзіцёнка-ніндзя», фільма-прызёра глядацкіх сімпатый «Паўночнага ззяння — 2022») апантаная сіндромам галоўнага героя, звяртаецца да вельмі перакручанага спосабу прыцягнуць да сябе ўвагу: пачкамі паглынае знойдзеныя ў даркнэце сумнеўныя расійскія таблеткі, з-за якіх у яе пачынаюць выпадаць валасы, а твар пакрываецца пухірамі і шнарамі. Сігнэ распавядае ў сацсетках аб «унікальнай хваробе», вірусіцца на ўвесь свет і заключае кантракт з інклюзіўным мадэльным агенцтвам. Але чым даўжэй дзяўчына эксплуатуе свой стан, які пагаршаецца з кожным днём, тым больш яе новае жыццё інфлюенсеркі будзе скочвацца ў абсурдную i вар’яцкую трагедыю.

18/11/23 — «Сонечны час», 2023, Эстонія
дакументальны, Лійс Німік

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Павольны і паэтычны партрэт пастаральнай Эстоніі, які тонка фіксуе натуральную плынь сельскага жыцця. Ствараючы гэты чароўны партрэт сельскай мясцовасці Эстоніі, Німік сем гадоў правяла з тымі, хто вырашыў ладзіць свой побыт на ўскраіне сучаснасці, удалечыні ад бязладзіцы нашага свету. Рэжысёрка захавала сваіх герояў ва ўсёй іх далікатнай прастаце на крупчастую шаснаццаціміліметровую плёнку і пры натуральным святле, каб перадаць настальгічнае і рамантычнае адчуванне вясковай ціхамірнасці, ператварыўшы яго ва ўнікальны кінематаграфічны досвед.

19/11/23 — «Фрэнкі 5 зорак», 2023, Фінляндыя, Германія
iгравы, Біргіт Мёлер

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў і адносіцца да катэгорыі фільмаў «Новы погляд»

Мудрагелістая гісторыя сталення Фрэнкі і пошукаў сябе ў двух паралельных сусветах. Стужка, якая нагадвае фільмы Мішэля Гондры і Спайка Джонза і іх сцэнарыста Чарлі Каўфмана, можа пахваліцца простым, дасціпным і пацешным узаемадзеяннем дзвюх апавядальных плоскасцяў. Выдатны ход, які дапамагае ў лёгкай і гумарыстычнай форме расказаць аб многіх асобах, якія мы можам захоўваць ўнутры сябе. Да таго ж у галоўнай ролі — Лена Урцэндоўскі з серыялаў «Цемра» і «Як прадаць наркотыкі анлайн (хутка)».

20/11/23 — «Апалонія, Апалонія», 2022, Данія, Польшча, Францыя
дакументальны, Леа Глоб

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Дакументальная сенсацыя мінулага года — шчырая і захапляльная хроніка барацьбы маладой мастачкі беларуска-польскага паходжання Апалоніі за сваё месца ў сусвеце мастацтва. Фільм здымаўся на працягу 13 гадоў, што дазваляе прасачыць не толькі за шляхам гераіні і яе атачэння (Апалонія сябравала з украінскай фем-актывісткай Аксанай Шачко), але і іх адносінамі з рэжысёркай карціны Леа Глоб. «Апалонія, Апалонія» — трыумфатар IDFA і CPH: DOX — двух галоўных сусветных фестываляў дакументальнага кіно.

20/11/23 — «Двойчы каланізаваная», 2023, Данія, Канада, Грэнландыя
дакументальны, Лін Алуна

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Аўтабіяграфія грэнландскай актывісткі Аайю Пітэр і хроніка яе барацьбы за прызнанне карэнных народаў, а таксама з сучасным каланіялізмам і ўласнымі дэманамі. У дзяцінстве Аайю была вымушана з’ехаць з Грэнландыі ў Данію, пазней яна перабралася ў арктычную частку Канады. Ужо падчас першай эміграцыі Аайю перастала размаўляць на роднай мове і паступова стала губляць карані. Аднак яна выбрала шлях барацьбы за сваё паходжанне: жанчына адчайна змагаецца з еўрапейскімі парламентарыямі за справядлівасць дзеля будучых пакаленняў, камунікуе з іншымі прадстаўнікамі паўночных народаў і дагэтуль спрабуе справіцца з незагойнымі траўмамі.

21/11/23 — «Апошняя вясна», 2022, Нарвегія
iгравы, Францішка Эліасен

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў і адносіцца да катэгорыі фільмаў «Новы погляд»

У сваім дэбютным поўнаметражным фільме 26-гадовая Францішка Эліасен звяртаецца да даследавання блізкай яе сэрцу тэмы — ментальнай сувязі, якая існуе паміж сёстрамі. Выкарыстоўваючы ў якасці адпраўнога пункту свой асабісты досвед (сястра рэжысёркі, як і гераіня стужкі, мае праблемы з псіхічным здароўем), Эліасен пашырае рамкі дыскурсу з нагоды самога паняцця «нармальнасці», у блукаючай паэтычнай манеры вывучаючы межы паміж рэальнасцю і ўяўленнем, мінулым і сучаснасцю, людзьмі і прыродай. Акторка Рубі Дагнал («Амундсэн»), якая сыграла Веру, атрымала за гэтую ролю прэмію Amanda Awards — нарвежскі «Оскар».

22/11/23 — «Ёёгі», 2022, Эстонія, Беларусь, Японія
дакументальны, Макс Галамідаў

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Па-ўсходняму медытатыўнае назіранне за наведвальнікамі цэнтральнага парку Токіа. У гэтай карціне-назіранні нават няма дыялогаў і саўндтрэку: рэжысёр і аператар у адной асобе паказвае гарадскія будні ў парку толькі пры дапамозе статычнай камеры і мяккага мантажу — атрымліваецца чароўна. Сярод прадзюсараў фільма дырэктарка кінафэсту «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

23/11/23 — «Пасля працы», 2023, Швецыя, Нарвегія, Італія
дакументальны, Эрык Гандзіні

Яшчэ не знайшлі для сябе ідэальную формулу work-life balance? Тады абавязкова заносьце прагляд гэтага фільма ў свой каляндар. «Пасля працы» — філасофскі фільм-эксперымент па пошуку балансу паміж жыццём і працай, зняты пастаянным аператарам Рубэна Эстлунда — Фрэдэрыкам Вэнзэлем («Трыкутнік смутку»). Рэжысёр падарожнічае па свеце, размаўляе з экспертамі і вывучае цытаты Ноама ХомскагаЮваля Ноя Харары ды Ілана Маска, каб высветліць, што сёння ўяўляе сабой канцэпцыя працы — калі яна ў прынцыпе хоць нечага вартая. У якасці прыкладаў для параўнання ў фільме бяруць чатыры краіны з зусім з рознымі нормамі працы і адпачынку: Кувейт, Паўднёвая Карэя, ЗША, Італія.

24/11/23 — «Бэнд», 2022, Ісландыя
гібрыдны, Аўльфрун Ёрнаўльфсдоцір

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Аўльфрун, Сага і Хрэфна — саракагадовыя сяброўкі з Рэйк’явіка, якія выступаюць у невялікіх барах як авангарднае электрапанк-трыа Post Performance Blues Band. Стаміўшыся выступаць за келіх піва, гераіні даюць сабе роўна адзін год на ператварэнне ў поп-зорак — інакш яны назаўжды спыняюць займацца музыкай. «Бэнд» — гэта постдакументальная камедыя, якую зняла Аўльфрун Ёрнаўльфсдоцір — фронтвумэн PPBB і актрыса агучвання (яе голасам гаворыць па-ісландску, напрыклад, Ліза з «Сімпсанаў»). Па-панкаўску размываючы мяжу паміж рэальнасцю і выдумкай, фільм расказвае кранальную маленькую гісторыю пра вялікую мару і трыумф сястрынства.

25/11/23 — «Сястрынства лазні па-чорнаму», 2023, Эстонія, Францыя, Ісландыя
дакументальны, Ганна Хінтс

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Імерсіўны фільм-маніфест, які праслаўляе жаночую салідарнасць і культуру саўны ў Паўночнай Еўропе. У працэсе ачышчэння цел жанчыны знаходзяць час ачысціць душу — і дзеляцца паміж сабой самым патаемным. Жахлівыя гісторыі аб перажытым гвалце, стратах блізкіх, заблытанай сэксуальнасці і дэпрэсіях тут суседнічаюць з кранальнай і смешнай балбатнёй пра дзіўныя спатканні, вялікае каханне і надзею на ўсё найлепшае. Фільм атрымаў прэмію за рэжысуру на Sundance-2023 і падаецца на «Оскар» ад Эстоніі.

25/11/23, 15:30 (Вільнюс, к/т ’Skalvija’) — «Tы мне нічога не нагадваеш», 2023, Літва, Іспанія, Швецыя
iгравы, Марыя Каўтарадзэ

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў

Наэлектрызаваная цялесная меладрама пра асэксуальнасць і розніцу паміж інтымам і сэксам. Па сюжэце танцорка Эляна і перакладчык мовы жэстаў Давідас, апускаючыся ў новыя адносіны, імкнуцца зразумець, як пабудаваць сваю ўласную блізкасць, улічваючы асэксуальнасць хлопца. Далікатная і ў поўнай адпаведнасці з назвай размераная, знятая на крупчастую плёнку і з інтымнымі буйнымі планамі меладрама Марыі Каўтарадзэ (яе дэбютны фільм «Перажыць лета» паказвалі на «Паўночным ззянні» ў 2019 годзе) прапануе незвычайны погляд на тэму сэксуальнасці, цялеснасці і рамантычных адносін. Карціна была адзначана прызам за лепшую рэжысуру ў міжнароднай секцыі кінафестывалю Sundance-2023, а таксама з’яўляецца кандыдатам на прэмію «Оскар» ад Літвы.

Фільм будзе дэманстравацца толькі offline, ужо можаце набыць квіток.

26/11/23 — «Сябра рысей», 2023, Фінляндыя
дакументальны, Юха Суонпя

Дакументальная фінскі фолк-хорар пад трывожную музыку эстонскага гурта Puuluup пагружае гледача ў жыццё доўгабародага пустэльніка Ханну, які фактычна спрабуе жыць як рысь. Чаргуючы жывапісныя панарамы заходне-фінскай глушы і лоў-файныя чорна-белыя кадры з дзясяткаў камер начнога бачання, сюррэалістычная стужка Юхі Суонпя малюе адначасова каляровую і змрочную карціну жывёльнага свету — а таксама ўздзеяння на яго чалавека.

Усе фільмы будуць даступныя online згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.

Сачыць за навінамі фэсту можаце ў сацыяльных сетках праекта FBInstagramTelegram.

Арганізатар: кінакампанія Volia Films.

Калі вам падабаецца дзейнасць «Паўночнага ззяння», падтрымайце кінафэст данатам.