Беларускі гурт TRAVA прэзентаваў кліп на свой першы сінгл — Čornaja Nočka. Відэа здымалі ў старым зернесховішчы, а таксама на парахоўні ля Модліну пад Варшавай. Паглядзіце, як файна атрымалася!
«Кадры перадаюць атмасферу сумнай, але прыгожай казкі пра нас з вамі. Пра тых, хто ідзе праз «чорную ночку» сярод парэшткаў старога жыцця і намагаецца, як той Маленькі Прынц Экзюпэрі, захаваць сваю «ружу» — свае каштоўнасці, сваю ідэнтычнасць, сябе. Але ж усім нам цяпер вядома «хто ружу поліць, той ручкі коліць», — і гэта наша горкая праўда, і ў гэтым наша вялікая моц», — распавядаюць удзельнікі гурта.
Гурт Trava быў заснаваны ў 2022 годзе ў Вільні. Цяпер гурт базуецца ў Варшаве. Свой музычны напрамак Trava вызначае як digital folk.