«Мяркую, пастараюцца захапіць усе святы». Мікалая Статкевіча перад Новым годам кінулі ў ШІЗА

Незадоўга да Новага года палітвязня Мікалая Статкевіча зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Пра гэта распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку жонка палітыка Марына Адамовіч.

«Гэтыя святочныя дні, напоўненыя чаканнем дзівосаў, Мікола Статкевіч праводзіць у ШІЗА. Чарговая «спецаперацыя», верагодна. Тэрмін «пакарання» мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усе святы. А тое ж у адзіночцы 1 метр на 3 можа расслабіцца, святочны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны святочны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму не кожны месяц удаецца атаварыць з-за ШІЗА. На наступны [месяц] скарыстацца зэканомленым не дазваляюць», — напісала Марына Адамовіч.

Яна дадала, што гэта ўжо не менш, як 21-е спагнанне з ліпеня. «Да хваробы палову часу Мікалай правёў у ШІЗА. Не скардзіцца. Іранізуе: “Наступны ліст (як мінімум) прапушчу з-за ШІЗА. Ну, крыху палянуюся пэўны час. А то кінуўся трэніравацца”», — адзначыла жонка палітвязня.

Таксама Марына Адамовіч прывяла вытрымкі з апошніх лістоў мужа. Так, Мікалай Статкевіч піша з-за кратаў: «Трывожыць рост актыўнасці галоўнага саюзніка [Расіі] адносна нас. Калі памятаеш, падчас спаткання ў Гомелі я казаў табе, што каля Новага года яму трэба будзе вызначыцца з уласным палітычным лёсам. Бо ў сакавіку прыйдзецца агалошваць гэта. Таму рызыкі для нас узраслі».

«А яшчэ Мікалай прасіў перадаваць віншаванні ўсім прыстойным людзям і асабліва тым, хто падтрымлівае нас [палітвязняў]», — падсумавала Марына Адамовіч.

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Пазней суд прызначыў яму 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. Адметнасць прысуду ў тым, што на той час пратэстаў у Беларусі (іх улады і называюць «беспарадкамі») яшчэ не было, а суд над Мікалаем Статкевічам праходзіў у закрытым рэжыме. Гэта дазваляе меркаваць, што справа супраць палітыка была сфабрыкавана наогул на пустым месцы. Што, уласна, сенсацыяй для лукашэнкаўскай Беларусі не з’яўляецца.

novychas.online