Беларускія гісторыкі, якія аказаліся ў эміграцыі, выйшлі са стану разгубленасці і пачалі актыўна разгортваць навукова-асветніцкую дзейнасць. Адной з грамадскіх арганізацый, якую плануюць у хуткім часе зарэгістраваць у Польшчы, будзе Інстытут публічнай гісторыі. Пра гэта гісторык і юрыст Андрэй Радаман расказаў radiounet.fm.
“Беларускія гісторыкі напоўнены аптымізмам”– так акрэсліў іх дзейнасць і планы вядучы дыскусіі “Гарачыя кропкі і чырвоныя сцяжкі ў беларускай гісторыі” Павел Баркоўскі. З ім цяжка не пагадзіцца, пачуўшы інфармацыю, якую агучылі ўдзельнікі размовы, а гэта Андрэй Радаман, Цімох Акудовіч і Аляксандр Смалянчук. Паводле іх, зараз шмат добрых гісторыкаў апынуліся за межамі Радзімы і яны актыўна працуюць на карысць беларускай гістарычнай навукі. Так, гісторыкі-эмігранты ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, вядуць разнастайныя адукацыйныя праекты ў інтэрнэце і афлайн, рыхтуюць дысертацыі, плануюць старыць гістарычны факультэт у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. “Спадзяюся, што гэта прынясе свой плён і з намі будуць размаўляць, як з прадстаўнікамі беларускай гісторыяграфіі”, – заявіў Аляксандр Смалянчук.
“Працуем над тым, каб пераняць у пэўнай ступені функцыі тых дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, якія не могуць функцыянаваць паўнавартасна ў Беларусі”, – адзначыў у сваю чаргу Андрэй Радаман, звярнуўшы ўвагу на тое, што беларускія бацькі чакаюць ад гісторыкаў сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі: “напісаных не кампрамісна, як яны пісаліся ў Беларусі апошнімі гадамі”.
Паводле яго, усе прысутныя на дыскусіі выступоўцы маюць дачыненне да праекта “Інстытут публічнай гісторыі”, які знаходзіцца на апошняй стадыі юрыдычнага афармлення.
“Некалькі асяродкаў беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў і, безумоўна, пэўныя грамадскія дзеячы прыйшлі да высновы, што неабходна стварыць інстытуцыю, якая аб’яднае высілкі беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў і папулярызатараў гісторыі, накіраваныя на тое, каб дасягненні сучаснай беларускай гістарычнай навукі хутчэй даходзілі да шырокага кола грамадскасці, асабліва ў той сітуацыі, у якой мы апынуліся, калі значная частка беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў была вымушана пакінуць Радзіму і, безумоўна, была пазбаўлена магчымасці праводзіць прафесійныя навуковыя даследаванні ў межах пэўных інстытуцый. Гэта не азначае, што дадзеная ініцыятыва ахоплівае ўсіх беларускіх гісторыкаў, якія апынуліся за межамі Беларусі. Рэгістравацца Інстутут публічнай гісторыі будзе ў Польшчы ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам, але гэта адкрытая стуктура, далучыцца да якой могуць не толькі гісторыкі.
Я хацеў бы проста звярнуць увагу на тое, што вы можаце звяртацца да Ігара Станкевіча, які займаецца гісторыяй ХХ стагоддзя. Ён будзе ўваходзіць у кіраўніцтва, у праўленне. Мы будзем прадастаўляць інфармацыю паступова і, спадзяюся, вынікі дзейнасці гэтай асацыяцыі хутка змогуць убачыць усе.
Гэта будзе асацыяцыя людзей, якія аб’ядналіся вакол ідэі не толькі папулярызацыі навуковых даследаванняў, а менавіта яшчэ па арганізацыі супрацы з журналістамі, з мастакамі, з палітыкамі, верагодней за ўсё, з грамадскімі дзеячамі”.
Падрабязней слухайце аўдыё: