Кісляк: беларусы актыўна падаюцца на статус палітуцекача ў Грузіі

У Грузіі павялічылася колькасць выпадкаў, калі беларусы, што жывуць у гэтай краіне, падаюць дакументы на статус палітуцекача.

Працэдуру атрымання такога статусу ў Грузіі тлумачыць беларускі праваабаронца, намеснік старшыні арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Раман Кісляк:

– У цэлым яна падобная, як і ў другіх краінах. Звярнуцца ў дзяржаўныя органы ў Грузіі можа любы. У дзяржаўны орган у Грузіі з такой заявай можна звярнуцца толькі ў аддзел міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі. Гэта знаходзіцца ў Тбілісі, толькі ў Тбілісі гэта можна зрабіць. Пасля запаўнення гэтай заявы будзе прызначанае першае інтэрв’ю. Чалавека запрашаюць праз некаторы час, там праз дзень, тыдзень ці два. Ён прыходзіць і дае першае такое кароткае інтэрв’ю, дзе ёсць афіцэр, перакладчык і яго распытваюць пра прычыны, калі ён з’ехаў, чаму.

Па словах Рамана Кісляка, пры падачы дакументаў чалавека інфармуюць, што на перыяд разгляду дакументаў чалавек будзе без пашпарта:

– Калі пры падачы заявы яго інфармуюць, што трэба фотаздымкі прывезці, папярэджваюць, што забяруць пашпарт., яму выдаюць даведку. З гэтай даведкай той, хто звярнуўся, ідзе ў Дом юстыцыі ў Тбілісі і робіць такое часовае пасведчанне асобы, дзе запісана, што ён просьбіт прытулку. Ён практычна поўнасцю замяняе пашпарт. Адзінае, што па ім нельга паехаць за мяжу.

Працэдура разгляду дакументаў на статус уцекача ў Грузіі доўжыцца да 21 месяца. Раман Кісляк вырашыў на сабе праверыць, як доўга беларусу ў Грузіі будуць выдаваць такія дакументы.

racyja.com