ФРГ будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў пры падаўжэнні ВНЖ

Пра гэта паведаміла лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Германіі. Сустрэча прайшла ў Берліне ля Брандэнбургскай брамы.

На сустрэчу з палітыкам прыйшло каля 100 чалавек. Святлана Ціханоўская, у прыватнасці, распавяла, што па выніках сустрэчы з міністрам па справах Еўропы і клімату ФРГ Ганнай Лурман урад ФРГ падрыхтуе інструкцыі для міграцыйных органаў па выдачы беларусам дакументаў і пашпартоў замежніка. Пры гэтым улады ФРГ будуць прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты пры падаўжэнні ВНЖ і спросцяць легалізацыю беларусаў.

Ціханоўская таксама паведаміла, што на сустрэчах з нямецкімі палітыкамі прасіла паскорыць працэс разгляду заяў на прытулак і будзе дамагацца таго, каб для разгляду гэтых пытанняў была створана міжведамасная рабочая група.

Нагадаем, учора ў Берліне прайшла першая сустрэча Альянсу груп «За дэмакратычную Беларусь», у якой узялі ўдзел кіраўнікі парламенцкіх груп з Аўстрыі, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі, Францыі. Анлайн да сустрэчы далучыліся парламентарыі з Ірландыі, ЗША і Украіны.

Выступаючы на сустрэчы, Святлана Ціханоўская заявіла пра неабходнасць працягваць ціск на беларускі рэжым і патрабаваць неадкладнага вызвалення палітвязняў.

Таксама яна заклікала спрасціць працэдуры легалізацыі беларусаў.

«Нам трэба комплекснае рашэнне, якое ўключыла б у сябе выдачу пашпартоў замежніка, падаўжэнне відаў на жыхарства і спрашчэнне юрыдычных працэдур. Са свайго боку, мы рыхтуемся выдаваць новы беларускі пашпарт. Я прашу вас падтрымаць гэты праект у вашых парламентах» — заявіла яна.

Лідарка беларускіх дэмсіл назвала Еўрасаюз адзінай альтэрнатывай «рускаму свету» для беларусаў і заклікала падтрымаць еўрапейскія памкненні беларусаў.

«Для нас Еўрапейскі саюз — адзіная альтэрнатыва «рускаму свету». Свету гвалту, несправядлівасці і тыраніі. Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь можа захаваць незалежнасць і гарантаваць дабрабыт сваім грамадзянам», — мяркуе Ціханоўская.

Напрыканцы свайго выступлення Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю, які пройдзе 12 лістапада.

novychas.online