З 19 па 26 лістапада ў Луцкім замку (Украіна) пачнецца выстава антываенных плакатаў беларускага мастака і дызайнера Ўладзіміра Цэслера. Мерапрыемства праходзіць у супрацы фестывалю дакументальнага кіно «1084. На мяжы» і ГО «Платформа розвиткових проєктів «Пріоритет».
Уладзімір Цэслер — адзін з самых вядомых сучасных беларускіх мастакоў і дызайнераў апошніх дзесяцігоддзяў. Пачынаючы з 2020 года, Уладзімір стаў культавай фігурай пратэстнага мастацтва Беларусі, паколькі большасць ягоных прац былі прысвечаны палітычнай сітуацыі ў краіне. Пасля пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года, мастак стаў вельмі прыкметным аўтарам антываенных выказванняў у фармаце плакатнага мастацтва. Цэслер генеруе запамінальныя і вострыя візуальныя вобразы, гуляе з сэнсамі, але пры гэтым застаецца зразумелым для людзей усіх пакаленняў.
У Луцку падчас фестывалю будуць паказаныя стужкі незалежных беларускіх кінематаграфістаў Андрэя Куцілы («Вадохрышча»), Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча («Motherland/Радзіма»), Аляксея Палуяна («Кураж»), а таксама дакументальны фільм польскага рэжысёра Анджэя Фідыка («Беларускі вальс»). Пасля паказаў адбудзецца панэльная дыскусія «Спротив. Деокупація. Вільний народ».
Нагадаем, што 9 лістапада ва Украіне стартаваў фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы», на якім цягам трох месяцаў у пяці гарадах пройдуць афлайн паказы беларускіх дакументальных стужак, а таксама іншыя культурныя мерапрыемствы.
«1084. На мяжы» — ужо другі фестываль ва Украіне ініцыяваны беларускім асветніцка-сацыяльным грамадскім аб’яднаннем «Звяно». 1084 кіламетры — працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Ўкраіны. Арганізатары спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў абедзвюх краін і абмеркаваць сучасную сітуацыю, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі і тэрорам.
Уваход на ўсе мерапрыемствы па free donation — сабраныя сродкі будуць пералічаны на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.
Праграма фестывалю па спасылцы.