У Варшаве адзначаць Дзень Герояў (Дзень Слуцкага збройнага чыну).
Так, 103 гады таму слуцкія сяляне распачалі збройную барацьбу супраць войскаў бальшавікоў. З нагоды гадавіны падзеі ў польскай сталіцы 26-га лістапада плануецца правесці вялікі міжнародны марш-мітынг.
Пра асаблівасці мерапрыемства, а таксама важнасць яднання нашаму радыё распавёў „Госць Рацыі”, суарганізатар падзеі, лідар Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Гэта бліжэйшая нядзеля да Дня герояў, таму менавіта ў нядзелю 26 лістапада а 13-й гадзіне пачнецца збор удзельнікаў дня беларускіх герояў у Варшаве. Гэта звязана з тым, што ёсць не толькі нагода ўшанаваць памяць нашых герояў, а герояў у беларускай нацыі вельмі шмат. Гэта і гераічныя змагары-случчакі Слуцкі збройны чын, якія былі натхненнем і для майго пакалення, для пакаленняў беларускіх адраджэнцаў да нас, для сённяшняй моладзі, гэта незалежнікі, якія былі ў 20 стагоддзі, барацьбіты са злачыннай сістэмай камуністаў, якія дасягнулі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі ў 1991 годзе. Гэта падтрымка тых палітвязняў, якія сёння ў лукашэнкаўскіх турмах. Беларусаў практычна загналі ў кут. Толькі праз асабістыя высілкі вялікай колькасці беларусаў, магчыма з гэтага кута выйсці. Раней для таго, каб абараніць Бацькаўшчыну, як падчас Слуцкага збройнага чыну. Масава бралі зброю, ішлі на барацьбу са значна лепш узброеным ворагам, якога было больш. Змагаліся не шкадуючы сябе. У Варшаве кожны беларус можа выйсці, каб прадэманстраваць, што нас шмат, што мы нічога не забыліся, што Беларусь ёсць, што Беларусь мусіць быць еўрапейскай краінай, што мы шануем памяць беларускіх герояў і што ў Беларусі ёсць перспектыва.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
З суарганізатарам мітынгу і маршу да Дня герояў, лідарам Руху Салідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.