«Нам важна зрабіць так, каб у моладзі быў выбар». Маладым беларусам раскажуць пра адукацыйныя магчымасці за мяжой

25 лістапада ў Варшаве адбудзецца сумесная імпрэза EU NEIGHBOURS east і парталу adu.place, на якой будуць прадстаўленыя адукацыйныя магчымасці для маладых беларусаў і беларусак.

Падзея пройдзе ў афлайнавым фармаце, а таксама анлайн на пляцоўцы ў YouTube. Больш падрабязна пра тое, хто будзе браць удзел у івэнце і пра што там можна будзе даведацца radiounet.fm распавяла галоўная рэдактарка парталу adu.place Кацярына Буніна.

— 25 лістапада мы чакаем маладых беларусаў і беларусак на нашай імпрэзе. Гэта будзе такая імпрэза з прэзентацыямі адукацыйных магчымасцей, як навучанне ва ўніверсітэтах, так і розныя адукацыйныя праекты, якія дапамогуць прафесійна развівацца, ці рэалізаваць нейкую сваю ідэю ці праект.

Мы не хочам завязвацца толькі на тых, хто знаходзіцца ў Варшаве, таму што афлайн івэнт будзе ў Варшаве. А да нас можна будзе далучыцца таксама і анлайн. Будзе трансляцыя на нашым youtube-канале. Таму ўсе змогуць атрымаць інфармацыю, незалежна ад таго, у якой краіне і дзе яны знаходзяцца.

І адзначу чаму зараз гэта важна. Я спадзяюся, што як мага болей людзей далучацца і атрымаюць гэтую інфармацыю. Апошнім часам мы бачым, як складана атрымаць у самой Беларусі інфармацыю пра навучанне, як складана з’ехаць, як складана атрымаць якасную адукацыю, якую, на жаль, на дадзены момант ты можаш атрымаць толькі ў Еўропе ці іншых краінах, а не ў Беларусі.

Улада робіць усё, каб моладзь заставалася. Абсалютна зразумелы момант. Аднак, нам важна зрабіць так, каб у моладзі быў выбар, каб яны маглі абраць менавіта тое, што будзе лепш для іх будучыні. Таму вось 25 лістапада можна прыйсці ці далучыцца анлайн і паслухаць пра тое, якія магчымасці ў беларусаў і беларусак ёсць зараз.

Менавіта на імпрэзе будуць прадстаўнікі і прадстаўніцы з каледжа Еўропы, тэрытарыяльна гэта ў Польшчы ў Варшаве. Таксама распавядуць пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – гэта Вільня. Будуць прадстаўнікі і прадстаўніцы Вольнага беларускага ўніверсітэта – гэта ўвогуле анлайн. І таксама будуць розныя іншыя праграмы і таксама выпускнікі-выпускніцы розных іншых універсітэтаў, з якімі можна будзе абмеркаваць іх досвед і спытацца, як паступаць. Гэта і еўрапейскія ўніверсітэты і амерыканскія.

Каб патрапіць на імпрэзу, трэба зайсці на сайт adu.place, прайсці невялікую рэгістрацыю, адзначыць ці хочаце вы наведаць афлайн, ці анлайн. І 25 лістапада прыйсці ў Варшаве на івэнт, пазнаёміцца як з камандай adu.place, так і з усімі праектамі і ўніверсітэтамі, ці далучыцца на youtube-канале aduplace анлайн. Там таксама можна будзе задаваць свае пытанні, будзе інтэрактыўны чат, адкуль мы будзем браць пытанні і задаваць іх спікерам і спікеркам. Таму, усё проста – adu.place, і там усё знойдзеце!

Цалкам размову з Кацярынай Бунінай слухайце ў плэеры ніжэй:

radiounet.fm