Кантактная група Савета Еўропы па Беларусі па выніках пасяджэння 1 снежня ў Страсбургу склала папярэдні план мерапрыемстваў на 2024–2025 гады, паведамляе pozirk.online.
Беларускія дэмакратычныя сілы на сустрэчы прадстаўляла, у прыватнасці, дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і справах студэнтаў Маргарыта Ворыхава.
Як паведаміла Ворыхава “Позірку”, запланаваныя мерапрыемствы “ахопліваюць розныя вобласці”.
“У сукупнасці яны накіраваныя на пашырэнне правоў і магчымасцяў беларускай грамадзянскай супольнасці, юрыстаў, журналістаў і моладзі шляхам прадастаўлення ведаў, навыкаў і падтрымкі пры прапагандзе правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасцяў і рэформаў кіравання ў Беларусі”, — адзначыла дарадца Ціханоўскай.
Усяго, паводле яе слоў, у плане пяць раздзелаў і 11 пунктаў.
Ворыхава падкрэсліла, што план “актыўнасцяў” кантактнай групы ў бліжэйшыя тыдні будзе дапрацоўвацца. Яго зацвярджэнне чакаецца не пазней за 24 студзеня.
Кантактная група СЕ па Беларусі дзейнічае з лістапада 2022 года. З беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.
У кастрычніку гэтага года Савет Еўропы прадаставіў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.