Арганізацыя «Актыўным быць файна» працуе ў грузінскім Батумі ўжо два гады.
Па словах каардынатаркі Вольгі, людзі, што ладзяць гурткі, могуць быць як «грузінскія старажылы», так і новапрыехаўшыя.
– Людзі, якія жывуць тут доўга, якія яшчэ да вайны прыехалі. Ёсць людзі, якія толькі нядаўна прыехалі, месяц, ці нават ўсяго некалькі дзён таму. Людзі прыязджаюць і кажуць: я хачу распачаць гурток. Гэта вельмі здзіўляе і гэта вельмі прыемна, таму што гэта добрая адаптацыя ў новай краіне.
Па словах Вольгі, раней апроч гурткоў для дарослых праходзілі і гурткі для дзетак:
– У нас раней былі гурткі для дзяцей, іх было вельмі шмат, таму што ў нас была лідарка, якая вяла. Мы ж самі нічога не распачынаем. Распачынаюць людзі, таму што нашая ініцыятыва так і называецца «Актыўным быць файна». Не ведаем, які будзе гурток загадзя, толькі прыходзіць чалавек і кажа: я хачу весці гурткі. А пакуль дзяцей у нас няма, стаіць палічка з цацкамі, а дзяцей няма.
Арганізацыя да выезду ў Грузію была прадстаўлена ініцыятывамі ў розных гарадах ў Беларусі, а цяпер падобныя арганізацыі з беларускіх прадстаўнікоў актыўна працуюць не толькі ў Грузіі, а таксама ў Польшы, Літве, Малдове і іншых краінах.