Свет імкліва змяняецца, але, на жаль, не так імкліва мяняюцца нашы мазгі. Яшчэ тры гады таму, «да кавіду», навучанне анлайн лічылася чымсьці дзіўным і незвычайным. Цяпер анлайн-адукацыя — звыклая рэч, але да яе многія, у тым ліку нават настаўнікі, дагэтуль ставяцца з перадузятасцю. Маўляў, немагчыма анлайн праверыць сапраўдны ўзровень ведаў. Ці так гэта?
Пра няпросты пераход да анлайн-адукацыі, пра перадузятасці і забабоны, пра тое, якой бачыцца будучыня адукацыі наогул і ці можна атрымаць якасныя веды анлайн, мы пагаварылі з заснавальніцай Варшаўскай моўнай школы «Polish for Belarus» Хэленай Смаляк.
— Наша школа — «Polish for Belarus» — на рынку адукацыі працуе ўжо сем гадоў, і да пандэміі мы працавалі выключна ў афлайн-фармаце, — распавядае пані Хэлена. — Калі грымнула пандэмія, польскае Міністэрства адукацыі выдала распараджэнне, што ўсе адукацыйныя пляцоўкі павінны ў вельмі кароткі тэрмін перайсці ў анлайн. У нас ніколі не было такога досведу, і мне трэба было вельмі хутка знайсці магчымасць праводзіць гэтыя анлайн-заняткі. Мы перайшлі ў анлайн-фармат вельмі ўдала, без правалаў, і настолькі вынікова, што застаёмся ў ім да сённяшняга дня.
У афлайн-фармаце мы робім дадатковыя мерапрыемствы: спікінг-клабы, гутарковыя сустрэчы ў Варшаве, адзначаем разам Дзяды, Каляды, Дзень нараджэння школы, Анджэйкі — вечар варажбы, і гэтак далей. У выніку цяпер у нас іншая амбіцыйная задача, задача наадварот — адкрыць у Варшаве офіс і перавесці частку заняткаў у афлайн-фармат. Проста таму, што людзі хочуць часцей сустракацца і мець больш жывых зносін.
Але практычна ўсе моўныя курсы ў нас праходзяць у анлайн-фармаце. Па якасці навучання анлайн-фармат нічым не саступае, а часам, як мне здаецца, і пераўзыходзіць афлайн-навучанне. Таму што ён дае, як ні дзіўна, больш магчымасцей: інтэрактыўныя гульні, адукацыйныя платформы з рознымі заданнямі, анлайн-падручнікі…
— Многія па-ранейшаму лічаць анлайн-навучанне нейкім «другасным» і злёгку непаўнавартасным. А якія вы яшчэ бачыце перавагі анлайн-адукацыі?
— Самая галоўная перавага — эканомія часу і грошай. Табе не трэба марнаваць час, каб даехаць да школы і са школы дадому. У Варшаве, напрыклад, калі ідзе дождж або снег, гэта дагэтуль катаклізм. Увесь горад стаіць у кораках, цэннік на таксоўкі ўзлятае да нябёсаў…
Другая перавага — гэта, вядома, магчымасць вучыцца ў любым пункце свету. Многія нашы студэнты альбо падарожнічаюць, альбо працуюць, умоўна кажучы, некалькі месяцаў у Варшаве, а некалькі месяцаў — у Нью-Ёрку. На мінулым тыдні адна наша студэнтка, беларуская дызайнерка, пазначыла нас у сваім Instagram — яна рабіла апошні занятак нашага размоўнага курса, седзячы ў аэрапорце ў Партугаліі.
У нас вучыцца вельмі шмат маці ў дэкрэтным адпачынку, якім няма з кім пакінуць дзіця. Яны вучацца, калі дзіця спіць: адкрыла ноўтбук або планшэт, прайшла ўрок, закрыла ноўт — і пайшла далей займацца з дзіцём.
І трэці момант — гэта сапраўды эфектыўнае навучанне. Тое, што вы займаецеся анлайн, не азначае, што вы вучыце нешта «ў запісе». Вы ўсё роўна вучыцеся з выкладчыкам, вам не трэба шукаць сілы і матывацыю, каб прайсці ўрок, бо вас ніхто не кантралюе… Не, вы далучаецеся да выкладчыка, які рыхтуецца да вашага ўрока, адказвае на вашы пытанні, выпраўляе вашы памылкі. Сапраўды такі ж эфект прысутнасці, калі б вы былі ў аўдыторыі — толькі з вялікай эканоміяй часу і грошай.
— Улічваючы беларускую сітуацыю з навучаннем польскай мове, з кантролем «картаў паляка», калі многія моўныя школы былі проста разгромлены, анлайн-адукацыя застаецца ці не адзінай магчымасцю вучыць польскую мову. Ці ёсць у вас студэнты з Беларусі? Якая спецыфіка выкладання? Вы неяк прадугледжваеце іх бяспеку?
—Так, мы стараемся ўлічваць своеасаблівую «беларускую спецыфіку». Напрыклад, калі мы стваралі падручнік для ўзроўню А1, а там ёсць заданне, у якім людзям трэба напісаць нацыянальнасць. Насупраць кожнай нацыянальнасці ў нас намаляваны сцяг краіны — украінскі, расійскі, іспанскі і гэтак далей. І ў нас была вялікая дылема, мы нават збіралі асобную нараду з нагоды беларускага сцяга: чырвона-зялёны бачыць у падручніку ніхто не хацеў, а бел-чырвона-белы — калі чалавек гэты падручнік дзесьці раздрукуе, можна яго такім чынам падставіць. У выніку вырашылі намаляваць замест сцяга контуры Беларусі — каб было нейтральна і бяспечна для нашых студэнтаў.
— Дагэтуль існуе меркаванне, што анлайн-адукацыя складаная ў плане праверкі ведаў студэнтаў. Як праверыць анлайн хатняе заданне?
— Гэта састарэлая ўстаноўка. У нас шмат студэнтаў-пенсіянераў, і нават яны не лічаць, што анлайн горш за афлайн-навучанне. Мне здаецца, свет наогул ідзе да таго, што адукацыя стане анлайн, а афлайн будзе такой крутой і статуснай VIP-паслугай, калі ў цябе ёсць магчымасць убачыць выкладчыка альбо ментара ўжывую, задаць яму нейкія пытанні, паціснуць руку. Мне падаецца, свет ідзе да таго, што афлайн-адукацыя будзе такім «элементам раскошы», паказчыкам статусу.
У многіх моўных школ праблема ў тым, што яны задаюць хатняе заданне па падручніках і потым правяраюць іх на лекцыях. Гэта займае багата часу, велізарны кавалак лекцыі сыходзіць на праверку. Нам было шкада часу на тое, каб правяраць «хатняе», і мы вырашылі праблему — распрацавалі адукацыйныя платформы. Літаральна 1 снежня мы запусцілі такую платформу для ўзроўню В1, і цяпер у нас ёсць платформы для ўзроўняў А1, А2, В1 і курса на «карту паляка».
На гэтай платформе да кожнага ўрока ёсць хатнія заданні — граматычныя, лексічныя, на маўленне, на слуханне, відэа. Студэнт робіць хатняе заданне на платформе, там бачны прагрэс кожнага вучня і ацэнкі выкладчыка. На гэтай платформе ты можаш вылучыць цяжкае для сябе слова, паглядзець яго пераклад, праслухаць, як яно гучыць на польскай мове, выбраць яго і стварыць сабе асобны слоўнік праблемных слоў, рабіць квізы па гэтых словах, каб запомніць лексіку.
«Хатняе» робіцца анлайн, а выкладчык правярае яе і дае свае рэкамендацыі ледзь не ў рэальным часе.
Кожны курс у нас завяршаецца іспытам, пісьмовым і вусным. Вусную частку ў нас прымае іншы выкладчык, іншы лектар, які не знаёмы з групай. Па выніках іспыту людзі атрымліваюць сертыфікат, і ў нас нават адсотка не набярэцца тых, хто не здаў бы ўнутраны іспыт у школе.
— Пры гэтым у вас на сайце напісана, што выпускнікі «Polish for Belarus» на 100% здаюць сумоўі на Сталы побыт і Карту паляка. Калі вы ўжо амаль тры гады працуеце ў анлайне, значыць, анлайн-адукацыя сапраўды эфектыўная?
— Так, пакуль у нас не было асечак. Усе вучні, якія ў нас праходзілі курс В1, напрыклад, здаюць дзяржаўны моўны экзамен. З «картай паляка» і «картай сталага побыту» сітуацыя крыху горшая: я не буду хаваць, ёсць вучні, якія не змаглі іх атрымаць. Але яны не змаглі іх атрымаць не таму, што не прайшлі сумоўе, а таму, што не падалі патрэбныя для гэтага дакументы.
Дарэчы, мы заўсёды заклікаем нашых вучняў даслаць гэтыя дакументы спачатку нам. Мы з задавальненнем дапаможам і падкажам, ці будуць з дакументамі праблемы, і як лепш гэтыя праблемы вырашыць.