Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве завяршыла свае заняткі, прысвечаныя Калядам. Удзельнікі сустрэч вывучылі тэматычныя песні, даведаліся абрадавыя сюжэты і падрыхтавалі святочныя маскі.
Наперадзе – Калядная вечарына 5-га студзеня. Пра імпрэзу, заняткі і беларускія традыцыі гутарка з выкладчыцай сустрэч і прадстаўніцай школы Наталкай Гапановіч:
– 5-га студзеня мы вырашылі зладзіць у школе Калядкі. Гэта такі вечар, калі можна прыйсці з сям’ёй, са знаёмымі. Мы будзем аднаўляць гістарычны абрад Калядкі, не гістарычную, а агулам атмасферу. Будзе свята, калядаванне, то бок будзе зорка, спевы, каза, застолле і танцы. То бок такі вечар, як рабілі раней на вёсцы, калі можна было да суседа прыйсці, пакалядаваць, пажадаць ім усяго найлепшага, паслухаць пажаданні, атрымаць пачастункі. Пасля гэта ўсё разам за сталом з’есці. Магчыма гэтым вечарам таксама зробім нейкую варажбу для дзяўчат, для хлапцоў, хто жадае. То бок пабавімся, як і раней нашыя продкі. Не так далёка мы адзін ад аднаго адышлі. Пакажам сваім дзецям, наступнаму пакаленню. Таму калі ласка прыходзьце з дзеткамі, з суседзямі. Гэта, я мяркую, будзе вельмі цікава і карысна. Паглядзець, паўдзельнічаць, то бок гэта не толькі, як спектакль прыйсці паглядзець, гэта менавіта прыняць удзел і ўнесці свой уклад. Кожны з нас беларус, кожны з нас мае права ўнесці ў гэтую гісторыю нейкія свае рысы, свой колер. Таму не бойцеся, калі ў вас нейкія свае гісторыі, свае абрады, таксама можаце прыйсці, распавесці. Мы паспрабуем зрабіць так, як рабілася недзе ў вашым мястэчку, вёсачцы.
Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Калядная вечарына адбудзецца 5-га студзеня на пляцоўцы у Варшаве “Chata Numinosum” (Jazdów 3/5).