Беларускія праваслаўныя Вільні ўпершыню адсвяткавалі Нараджэнне Хрыста разам з большасцю хрысціян свету

Беларуская праваслаўная грамада ў Вільні 24 снежня ўпершыню адсвяткавала Нараджэнне Хрыста па грыгарыянскім календары, разам з большасцю хрысціянскага свету.

Беларускі праваслаўны прыход у Вільні сёлета заснавалі два вядомых беларускіх святара, протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта, якія перайшлі з Маскоўскага ў Сусветны (Канстантынопальскі) патрыярхат. У прыхода ёсць сваё маленькае памяшканне на вуліцы Бокшта, дзе звычайна праходзяць набажэнствы, але ж калядную Вячэрнюю Літургію вырашылі правесці не там, а ў віленскай Рэфармацкай царкве на вуліцы Пілімо, каб больш жадаючых маглі яе наведаць. 

Для тых, хто прывык да пампезнасці і пыхлівай раскошы набажэнстваў РПЦ альбо строгага цырыманіялу каталіцкага касцёла, набажэнства выглядала вельмі нязвыкла ды аскетычна. Часткова з-за месца: усё ж Рэфармацкая царква — гэта пратэстанцкі храм, з адкрытай алтарнай часткай і простым крыжом замест багатага іканастаса. Часткова таму, што замест царкоўнага хору быў адзін пеўчы, дапамагалі двум святарам — падавалі кадзіла і г. д. — не дыяканы, а дзеці.

Але ж галоўным адрозненнем была атмасфера, па-сямейнаму простая і ўтульная, яна нагадвала аб першых хрысціянскіх абшчынах часоў, калі царква яшчэ не паспела стаць гіганцкай бюракратычнай машынай, жорстка аддзяліўшы святароў ад міран. Складана ўявіць, каб у якім-небудзь храме БПЦ святар запрасіў выканаць святочныя спевы калядоўшчыкаў, а потым паклікаў усіх жадаючых на экскурсію па царкве.

Яўген Ерчак, novychas.onine