Вядомы блогер і бізнесовец раскладае па палічках «беларускі эканамічны цуд», які здарыўся ў нас у гэтым годзе. Усе малайцы — і ўрад, і МАРГ, і іншыя, аднак малайцы яны толькі на паперы. І медалі ім трэба даць за дасягненні — такія ж папяровыя.
Вынікі ў нас, безумоўна, станоўчыя!
Усё ў нас — вырасла!
Вырас ВУП, на 3,8%, дакладна паводле плану Галоўчанкі. І вось менавіта яна, сама гэтая дакладнасць траплення ў прагноз, і выклікае абгрунтаваныя сумневы ў выніку. І глядзіш так у шчырыя, адданыя вочы кіраўніцы Белстата грамадзянкі Мядзведзевай, а там нулікі з плюсамі, як у «Матрыцы», бегаюць у вельмі правільнай паслядоўнасці, не прабіцца. На варце яна да смерці, кажа — «Усё ідзе па плане, ваша высокаблагароддзе».
І Раман наш, Галоўчанка, таксама прыгожа так падпявае: «Таварыш галоўны генералісімус! Ваш загад выкананы і наша эканоміка расце нават хутчэй сусветнай! Перамагаем мы іх!».
Тут і хацелася б яго падтрымаць, але гэтая ж матэматыка, гадасць такая, калі крыху прыпадняць галаву, паказвае нам крыху іншую карцінку. За два гады сусветная эканоміка дадала 6,2%, наша ж — упала на 0,9%. Разам — разбежка на 7,1%.
Інфляцыя. Ну тут царства нашага суперагента, містэра Багданава (кіраўніка МАРГ). Хацелі мы 7%, выходзім на 5,5%, а значыць маем поўнае права наліць сабе таго самага «Савецкага шампанскага», з яркім яблычным прысмакам.
Аднак у той самы момант урачыстага адкаркоўвання пластмасавай пробкі чароўная вадкасць павінна набыць некалькі горкі прысмак. Нягледзячы на афіцыйныя даныя аб падаражэнні прадуктаў харчавання на 6,2%, шампанскае ж нашае, айчыннае, чамусьці рванула на суцэльных 13%! І тыя ж цыгарэты айчынныя — на 62%, і многае-многае іншае.
Тут, уласна, і крыецца сакрэцік — падкручваюць нашы «вясёлыя хлопцы» лічыльнікі менавіта ў гэтым месцы. Сам па сабе механізм падкручвання вялікага значэння не мае.
І, вядома, цана, якую заплаціў наш гандаль за вось гэтую розніцу паміж планам і фактам, высокая. Калі верыць аднаму з сузаснавальнікаў «Віталюра», то рознічную сетку дабіла менавіта гэта, геніяльнае рашэнне кастрычніка 2022-га, і «Буслік» складае крылцы менавіта з гэтай нагоды, і ў справаздачнасці «Еўраопта» відаць уцісканне нацэнкі на 5 працэнтных пунктаў, і ў рамках памераў дзейнасці кампаніі, гэта вымае з выручкі мільёнаў гэтак пад 300…
Курс нашага роднага амерыканскага долара. Светлыя розумы з Нацбанка прагназавалі сярэднегадавы курс 2,76, у выніку ж яны прамахнуліся, атрымліваецца каля 3,0, але вось апошнія снежаньскія лічбы, у цэлым, матэматычна супадаюць з прагнозам.
Ну — амаль.
Хоць узрушыла нас вельмі выдатна. Цунамі прыйшло з Расіі і сціхла яно там часова, да чарговага перапрызначэння Пуціна. Метадам ручнога задушвання эканомікі завышанай цаной крэдыту.
Ну і гэтак далей. І рэкордна нізкі ўраджай (у нас, а не ва Украіне альбо Еўрасаюзе, як прагназавалі беларускія эканамісты-прапагандысты), і працяг уцёкаў беларусаў на Захад, вынікам якога стала галоўная праблема сённяшняй эканомікі — недахоп працоўных рук, і працяг падзення ІТ, якое кіраўніцтва ПВТ называе ростам.
Бясконца можна назіраць за тым, як беларускія дзяржпрадпрымальнікі дояць Лукашэнку. І, галоўнае, ён кожны раз так шчыра дзівіцца, як быццам вось «не было ніколі, і раптам!» І калі вясной ён махаў рукамі на кіраўніцтва МАЗа (маўляў, я вам не Дзед Мароз!), то ў снежні па грошы прыйшло ўжо кіраўніцтва БНБК (біятэхналагічнай карпарацыі): былы кыргызскі прэм’ер-крымінальнік Урыцкі (там, у Бішкеку, прысуджаны да пажыццёвага) і безжурботная наша Надзюша Каткавец (былая намесніца міністра сельскай гаспадаркі).
Гэтак гоп-кампанія распранула дзяржаву на чарговыя 620 мільёнаў долараў. І тут ключавое слова, вядома — «чарговыя».
Усё гэта — ужо звыклыя рысы мясцовага пейзажу, ну як «абасраныя каровы», або «санкцыі нам толькі на карысць».
І ўсё гэта — ужо адбылося.
Што будзе далей?
Больш падрабязна пра гэта мы пагаворым ужо ў 2024-м, але — галоўнае. Галоўнае — гэта, вядома, Расія.
Беларусь намаганнямі вусатага прадпрымальніка са змоўшчыкамі трапіла ў дасканалую манапольную залежнасць. Больш за 60% у знешнім гандлі, такі ж стан і ў інвестыцыях, і ў знешніх даўгах, і ніякага прасвету — няма. «Падарожжы за тры моры» шклоўскага Хрыстафора Калумба, інакш як палітычным турызмам не назавеш. Сяброўства з дробнымі афрыканскімі дыктатарамі нават для патрыятычна настроеных грамадзян (з хоць бы ледзь-ледзь функцыянуючым мозгам) выглядае падазрона, а ўжо для людзей, якія ўмеюць складаць «два плюс тры» тым больш — толькі падстава для анекдотаў.
Расія, толькі Расія.
А там, як на злосць, як не было росту 10 гадоў, так і сёння ВУП усходняй суседкі толькі ледзь-ледзь прыпух на ваенных выдатках, але ўсе паказчыкі сведчаць пра будучы зрыў. Чым заканчваюцца «гарматы замест хлеба» добра паказаў Савецкі Саюз, дзе танкаў было поўна, але жэрці не было чаго.
Таму — чакаем бяды (у іх) і рыхтуемся (у нас), дзесьці пасля інагурацыі Пуціна, бліжэй да лета.
Але гэта будзе потым, а пакуль…
Пакуль я хачу павіншаваць Вас, дарагія чытачы, з надыходзячым Калядамі і Новым годам! І хачу пажадаць — у нашы дзікія, дрымучыя часы, усё ж такі неяк зафіксаваць галаву, калі трэба — прытрымліваць рукамі, скотчам прыматаць і захоўваць адэкватнае ўспрыманне рэчаіснасці, а таксама — пастарацца берагчы сябе, і тых хто побач. Абняць мацней, вось прама зараз, і сказаць пару цёплых слоў, а потым — яшчэ раз, для замацавання. Гэта — важна, і гэта — значна важней, чым усе эканомікі і палітыкі разам узятыя.
Убачымся ў новым, 2024-м!