З новага году ў Беластоку пачне сваю дзейнасць Цэнтр беларускай культуры

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які афіцыйна распачне сваю працу з новага года, мае стаць месцам сустрэчы беларусаў і дапамогай для беларускіх арганізацый.

Так мяркуе кіраўнік рэдакцыі нацменшасцяў Польскага Радыё Беласток, прадстаўнік фонду Tutaka, Зміцер Косцін:

-Пэўным спадзяваннем, магчымай новай, дадатковай крыніцай падтрымкі я бачу Цэнтр беларускай культуры, каторы ўжо публічна ўвайшоў у прастору дыскусійную тут, прынамсі, на Падляшшы. Цэнтр беларускай культуры будзе дапамагаць пісаць праекты, дакладаючы нейкія грошы, даючы пляцоўку, даючы падтрымку рознага кшталту. Варта таксама дадаць, што датычыць гэта не толькі меншасных арганізацый.

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку пакуль будзе месціцца ў былым будынку ваяводскай бібліятэкі па вуліцы Кілінскага. У планах – стварэнне бібліятэкі, выдавецкая дзейнасць, даследаванні матэрыяльнай культуры падляшскіх беларусаў, мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы і так далей. Адной з галоўных задач Цэнтру ў першыя месяцы працы стане падрыхтоўка да святкавання Дня Волі – 25 Сакавіка.

racyja.com