Піт Паўлаў: Міні-тур па Грузі дазволіў троху пазнаць гэту краіну

Беларускі музыка Піт Паўлаў 26 і 27 снежня 2023 году выступіў з канцэртам у двух грузінскіх гарадах Тбілісі і Батумі, дзе жыве вялікая колькасць беларусаў, што пакінулі Радзіму.

Піт Паўлаў падзяліўся сваімі ўражаннямі з гэтага міні-туру:

– Для мяне самае галоўнае было нават не самі канцэрты, хаця канцэрты былі вельмі істотнымі. Для мяне самае галоўнае, што я на супрацьлеглае памяняў сваё стаўленне да Грузіі і грузінаў. Я стаў фанатам гэтай краіны, раней быў хутчэй такім скептыкам. Я не разумеў гэтую краіну, не скажу, што я цяпер яе зразумеў, але дзякуючы аднаму чалавеку, майму новаму сябру, рок-музыку, панк-музыку Лівану, я цалкам змяніў сваё стаўленне да грузін і да Грузіі.

Па словах музыкі, яму больш спадабаўся канцэрт у Батумі:

– У Батумі вельмі цёпла, гэта быў такі звыклы канцэрт, да якіх я прызвычаіўся. У Тбілісі народу было трохі меней, але галоўнае, што была такая адлегласць паміж мной і гледачамі. Яна стварыла нейкую дыстанцыю. Канцэрт быў можа яшчэ лепшы па выкананні, але ён быў такі халодны па эмоцыях. Мне ўвесь час падавалася, што я чагосьці не дадаю. Я не бачыў вачэй, потым я ўбачыў вільготныя вочы. Ужо калі мне дзякавалі за канцэрт, я зразумеў, што ўсё было добра.

У наступным 2024-м годзе музыка плануе наведаць Батумі з гуртом NRM і гэта ўжо будзе не акустычны, а вялікі электрычны канцэрт.

racyja.com