Завяршыўся другі дзень літаратурнага семінару «Бязмежжа». Ён атрымаўся надзвычай напружаным. Са сваёй творчасцю знаёмілі Уладзімір Някляеў, Уладзіміра Арлоў, Валянціна Аксак, Андрэй Хадановіч, Ганна Кандрацюк, Ежы Плютовіч, Віктар Сямашка.
Прафесар Алег Латышонак распавёў пра стварэнне Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку. Адбыліся выступы прадстаўніка Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхана Чарнякевіча, старшыні Беларускага ПЭНу Таццяны Нядбай, кіраўніка фонду «Камунікат» Яраслава Іванюка.
Удзельнікі семінару паглядзелі некалькі дакументальных стужак пра беларускіх літаратараў Беласточчыны.
Паэт Андрэй Сцепанюк:
— Дзякую „Бязмежжу“. Я пачаў адчуваць сябе як частка агульнай беларускай літаратуры. Шмат гадоў было так, што ёсць нейкая беларуская літаратура ў Польшчы, на Беласточчыне, ну і ёсць гэтая сапраўдная літаратура ў Менску, Гародні, іншых беларускіх местах, і там, маўляў сапраўдная літаратура, а мы тут штосьці робім. Але ўжо пасля першага майго „Бязмежжа“ мае вершы з’явіліся ў „Дзеяслове“.
Сёння заключны, трэці, дзень працы літаратурнага семінару «Бязмежжа». Для яго ўдзельнікаў будзе наладжана вандроўка па беларускіх мясцінах Беластоку, якую правядзе краязнаўца Аляксей Трубкін.