Эканоміка ў Беларусі паводзіла ў гэтым годзе сябе, як п’яны матрос, нелагічна і парадаксальна. З аднаго боку, рэкордна раслі заробкі, а з другога — не ўсе іх бачылі. З аднаго боку, была рэкордна нізкая інфляцыя — з іншага, такога не вытрымалі буйныя гульцы на рынку. Прэм’ер Раман Галоўчанка адсправаздачыўся, што ўжо ў лістападзе мы дасягнулі прагнознага паказчыка ў 3,8% росту ВУП, але гэта не адыграла мінулагодняга скарачэння ў 4,7%.
«Пакручастыя горкі» беларускай эканомікі novychas.online абмяркоўвае з акадэмічным дырэктарам даследчага цэнтру BEROC, доктарам эканамічных навук Львом Львоўскім.
— Вынікі гэтага года ў эканоміцы досыць паспяховыя, — кажа Леў «Новаму часу». — Мы не аднавіліся да даваеннага ўзроўню, ёсць праблемы, праблемы сур’ёзныя, іх багата. Аднак аднаўленчыя тэмпы ў эканоміцы значна вышэйшыя, чым чакаліся напачатку года.
— Паводле афіцыйных звестак мы дасягнулі ВУП 3,8%. За кошт чаго гэта было зроблена?
— Гэта было зроблена за кошт некалькіх рэчаў, унутраных і знешніх. Сярод унутраных я б адзначыў вялікую эмісію, напампоўку эканомікі грашыма, і пры гэтым — нізкую інфляцыю, якая захоўваецца за кошт сістэмы кантролю цэнаў, якая, у сваю чаргу, трымаецца на крымінальных справах. У доўгатэрміновай перспектыве гэта, вядома, няўстойлівая сістэма, але тым не менш у гэтым годзе яна спрацавала.
Ну і, вядома, нам вельмі дапамагала Расія. Расія нам дапамагала шмат чым, у першую чаргу — з лагістыкай, за кошт чаго Беларусь можа выходзіць на рынкі трэціх краін. Сваім попытам. Плюс танныя нафта і газ для Беларусі, плюс адтэрміноўка па дзярждоўгу, і новы крэдыт.
Усё гэта разам — дастаткова моцная дапамога. І ў дадатак у нас быў фактар шанцавання, што праз цэнавую столь на расійскую нафту сфармаваўся дысконт гэтай нафты да іншых міжнародных гатункаў. Беларусь атрымлівала расійскую нафту з дысконтам, перапрацоўвала яе ў нафтапрадукты, а нафтапрадукты прадаваліся ўжо па сусветных коштах.
— Вы казалі пра эмісію, і даволі вялікі аб’ём грошай быў уліты ў беларускую эканоміку. Улады рапартуюць, што сярэдні заробак склаў больш за 1900 рублёў. У той жа час іншыя даныя паказваюць, што вышэй за 1500 атрымліваюць толькі 12% працоўных. Чаму?
— Тут я пакуль схільны давяраць Белстату. Да гэтага часу ён ніколі не быў заўважаны ў наўмыснай падробцы даных. Калі ім не хочацца нешта паказваць, яны проста хаваюць даныя. Але каб яны адкрыта займаліся падробкай — пакуль, ва ўсялякім разе, такога не было. Таму ў мяне хутчэй пытанне да гэтага апытання: магчыма, там былі нейкія памылкі, альбо самыя высокааплатныя людзі праскочылі міма яго.
Медыянны заробак заўсёды ніжэйшы, чым сярэдні, але, мяркуючы з усяго, сёлета сапраўды быў рост рэальных заробкаў, і гэта адбылося дзякуючы новаму для Беларусі феномену. Раней заробкі так хутка раслі, калі іх штучна напампоўвалі. Цяпер жа яны раслі па іншай прычыне — па прычыне дэмаграфіі. У нас рэальная праблема з недахопам рабочых рук.
BEROC напрацягу года робіць некалькі апытанак бізнесу, і там мы пытаемся ва ўладальнікаў малога і сярэдняга бізнесу, якія самыя галоўныя цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся. У розны час цяжкасці былі розныя, але апошнія пару апытанняў на першае месца выходзілі цяжкасці з пошукам персаналу, з наймам, і гэтак далей. І нават Лукашэнка заклапаціўся гэтым.
У нас натуральным чынам насельніцтва старэе, памяншаецца колькасць працаздольных грамадзян, плюс на гэта яшчэ напластоўваецца эміграцыя.
— Сёлета ў нас пачаў расці імпарт. Як вы ацэньваеце гэта аднаўленне? Гэта праблема?
— Назваць гэта пагрозай нельга. Уласна, падаў імпарт з дзвюх прычын: у нас быў нізкі ўнутраны попыт, калі пачаўся крызіс, і мы не маглі імпартаваць некаторыя прамежкавыя тавары праз санкцыі і праз страту ўкраінскага рынку, адкуль мы таксама шмат што закуплялі.
Цяпер адбываецца аднаўленне, бо па абодвух гэтых франтах усё наладжваецца. У нас рэкордны ўзровень заробкаў, прычым, калі эканоміка яшчэ не аднавілася да ўзроўню 2021 года, заробкі гэты ўзровень ужо перавысілі. Яны растуць у некалькі разоў хутчэй, чым ВУП. Таму пачаў аднаўляцца спажывецкі попыт, і плюс — мы можам гэта падазраваць, але не можам даказаць, — наладзіліся пастаўкі прамежкавых тавараў у абыход санкцый.
— Заробкі, як вы сказалі, растуць хутчэй, чым ВУП. Чым пагражае гэта эканоміцы ў далейшым, і ці адаб’ецца гэта ў наступным годзе?
— Гэта перагрэў эканомікі, які складаецца не толькі з высокіх заробкаў, але і з іншых фактараў. Урад напампоўвае эканоміку грашыма, і яна расце больш, чым павінна расці натуральна. Звычайна такое суправаджаецца ростам інфляцыі, але інфляцыю ў нас кантралююць з дапамогай крымінальных спраў. Пры гэтым у нас звышнізкае беспрацоўе, і бізнесу даводзіцца набіраць крыху менш кампетэнтных работнікаў за крыху больш высокія грошы. Ад гэтага падае прадукцыйнасць, эфектыўнасць, маржынальнасць.
Да таго ж узровень задзейнічанасці вытворчых магутнасцяў цяпер — на рэкордных узроўнях. Усё гэта разам азначае, што расці далей — вельмі складана. І ў нейкі момант усё, што было выраблена шляхам напампоўкі эканомікі, з’ядаецца інфляцыяй.
Гэта ў звычайным рэжыме. А ў нас у дадатак яшчэ і рэгулююцца кошты. Калі ў бізнесу растуць выдаткі, але пры гэтым вы не дазваляеце яму павышаць цэны, бізнес, натуральна, у нейкі момант можа збанкрутаваць. А здарыцца гэта ў наступным годзе, або праз год — гэта пытанне варажбы.
— Пры гэтым шмат хто кажа пра «інфляцыйны навес». Што гэта такое, і ці абрынецца ён найбліжэйшым часам?
— «Інфляцыйны навес» — гэта тая інфляцыя, якая павінна была б быць, калі б кошты не стрымліваліся штучным чынам. Груба кажучы, інфляцыя дзеліцца на два тыпы: гэта паніка — калі прайшла нейкая інфармацыя, і ўсе панесліся павысіць кошты. І натуральная інфляцыя — калі ў бізнеса павышаюцца выдаткі, і ім трэба гэтыя выдаткі кампенсаваць. Яны часткова перакладаюць выдаткі на пакупніка павышэннем коштаў, каб не згалець.
Калі ў нас уводзілі сістэму кантролю коштаў, урад сцвярджаў, што гэта для таго, каб стрымаць панічны імпульс. І калі ў вас сапраўды праблемы з-за панікі, то вы можаце бязбольна стрымаць у нейкі момант цэны, і ад гэтага нічога не будзе. Але калі вы стрымліваеце «аб’ектыўную інфляцыю», вы пачынаеце шкодзіць бізнесу. Бізнесу даводзіцца даражэй купляць прамежкавыя тавары, сыравіну, больш плаціць за лагістыку, больш плаціць за працу і пры гэтым — не можна павысіць цану на свой тавар. У выніку спачатку ў бізнесу зніжаецца прыбытак, а потым у нейкі момант ён проста зачыняецца.
Альбо ў нейкі момант бізнесу дазволяць падвысіць кошты. І пытанне — што адбудзецца раней.
А «інфляцыйны навес» азначае, што калі бізнесу прама цяпер дазволіць павысіць цэны, то яны падвысяць цэны вось на такі-та працэнт. Пакуль цэны павысіць не дазваляюць, «інфляцыйны навес» знаходзіцца ў тэарэтычнай плоскасці. Але бізнесы будуць руйнавацца, і прапанова тавараў будзе падаць.
— А што ў нас са знешнім гандлем? Мы ўсё чакаем нейкага прарыву…
— Тут нам проста няма куды падзецца. Еўропа і ЗША наўпрост заявілі, што санкцыі яны здымаць не збіраюцца датуль, пакуль цяперашні ўрад не сядзе за стол перамоваў і не пачне хоць нешта рабіць: выпускаць палітвязняў, напрыклад (але, хутчэй за ўсё, нешта большае). І тут мы пакуль не бачым ніякага прагрэсу.
Якія новыя рынкі збыту мы можам знайсці? У нас цяпер Расія і Кітай, плюс калій у Бразіліі. Спрабуем трапіць у Афрыку, але тыя краіны, якія хочуць з намі мець зносіны — вельмі бедныя, ім моцна нічога не прадасі, Зімбабвэ шмат не купіць. Таму асаблівых прарываў не чакаецца.
— Пры якіх умовах урад выканае задачу, пастаўленую яму на 2024-ты: просты ВУП зноў 3,8% і інфляцыя ў раёне 6-7%?
— Па-першае, гэта дадатковыя бонусы з боку Расіі — калі Расія падкіне хаця б пару мільярдаў долараў. І па-другое — калі проста пашанцуе.
— Дарэчы, пра Расію. У іх саміх усё не так ужо вясёлкава. Ці могуць там пайсці нейкія працэсы, у выніку якіх Мінску ў тых самых бонусах будзе адмоўлена? Скажам, падзенне расійскага рубля?
— А вось гэта пытанне — цалкам палітычнае. Не сказаць, што некалькі мільярдаў для Расіі — гэта лішнія грошы. Але эканоміка Расіі ў 14 разоў большая за беларускую. І калі Уладзімір Пуцін захоча дапамагчы Аляксандру Лукашэнку, то ён можа знайсці там і два, і тры, і пяць мільярдаў долараў. Зразумела, што ў Расіі ёсць свае інтарэсы, і які-небудзь губернатар расійскага рэгіёну будзе казаць Пуціну: «Дай лепш мне гэтыя два мільярды»… Але грошы ў Расіі ёсць, і калі Расія захоча патрымаць Беларусь — падтрымае. А захоча ці не — пытанне палітычнае.
— Гэта значыць, у 2024-м нас не чакае ані асаблівых поспехаў, ані асаблівых правалаў, калі не прыляціць які-небудзь «чорны лебедзь». А які можа быць гэты «чорны лебедзь»? Паварожыце?
— Ды любая іх колькасць. Украіне дадуць суперузбраенне, або генерал Залужны прыдумае суперстратэгію, і ва Украіне будзе моцны прарыў на фронце. Тады ў Расіі могуць пачацца негатыўныя працэсы, у тым ліку і ў эканоміцы, новая «супермабілізацыя», і ім будзе не да таго, каб дапамагаць Лукашэнку. Ці Захад прыдумае дзейсны спосаб увядзення новых санкцый супраць Расіі — у Расіі зноў будзе менш грошай на Лукашэнку.
Ці Пуцін вырашыць, што ён прайграе вайну, ці выйграе вайну, і ад радасці ці ад гора вырашыць далучыць Беларусь.
Або наш урад вырашыць, што яны перайгралі падручнік эканомікі, дзе гаворыцца, што нельга праводзіць эмісію і мець нізкую інфляцыю, — а яны вось змаглі. І ў эйфарыі ад гэтага ўрад пачне прымаць яшчэ больш небяспечныя рашэнні, і рукатворна зробіць новы эканамічны крызіс — такое ў гісторыі Беларусі ўжо было. Або калі Лукашэнка паверыць у свой эканамічны геній і наогул забароніць рост коштаў. У мінулым годзе такое пратрымалася некалькі тыдняў, але калі гэта будзе некалькі месяцаў, то ў Беларусі пачнуцца праблемы з ежай.
Або, — усе мы не маладзеем, і з-за ўзросту і натуральных фізіялагічных працэсаў можа здарыцца такое, што ў Беларусі наогул зменіцца вектар развіцця.
А раптам у Беларусі знойдуць-такі газ і нафту, якую Лукашэнка даўно прасіў знайсці. І мы наадварот пабагацеем.