Аўдыявыдавецтва «Кніжны воз» падвяло вынікі 2023 года і склала свой рэйтынг ТОП-10 кніг лідараў праслухоўванняў.
Папулярны аўдыяпраект існуе з 2020 года. Мабільная праграма «Кніжны воз» з’яўляецца платформай, на якой размяшчаюцца прафесійна агучаныя кнігі для дзяцей і падлеткаў на беларускай мове.
Першай кнігай, якая была агучана камандай праекта, стала казка «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай. Менавіта яна ўжо чацвёрты год запар трымаецца ў лідарах праслухоўванняў. Перыядычна да яе падкрадаецца «Кот Шпрот» Ганны Янкуты, часам даганяе «Шэрлак Холмс». Апошні тыдзень перад Новым годам у топ выйшаў увесь Калядны раздзел.
ТОП-10 кніг лідараў праслухоўванняў на канец 2023 года размеркаваўся наступным чынам:
- «Прыгоды мышкі Пік-Пік», Людміла Рублеўская;
- «Краіна Вымярэнія», Алег Грушэцкі;
- «Пэтсан і Фіндус», Свэн Нурдквіст;
- «Асцярожна: дзеці!», Аляксей Шэін;
- «Джа: Легенда аб забраным сэрцы», Эліяш Барт;
- «КРАЗІ — чырвоны кракадзільчык», Надзея Кім;
- «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль», Ганна Янкута;
- «Тэатр шчаслівых дзяцей», Альгерд Бахарэвіч;
- «Прыгоды Шэрлака Холмса», Артур Конан Дойл;
- «Заклінальнік аднарогаў», Надзея Ясмінска.
Больш за палову слухачоў аўдыяпраекта знаходзяцца ў Беларусі. А геаграфія «Кніжнага возу» прасціраецца на некалькі дзясяткаў краін амаль на ўсіх кантынентах, нават у Афрыцы. Склала выдавецтва і рэйтынг ТОП-10 краін, дзе слухаюць «Кніжны воз»:
- Беларусь.
- Польшча.
- ЗША.
- Літва.
- Грузія.
- Нямеччына.
- Турцыя.
- Нідэрланды.
- Чэхія.
- Кіпр.
На канец 2023 года праект налічвае 218 гадзін запісаў — музыка, казкі, вершы, раманы, дэтэктывы, містычныя гісторыі і фэнтэзі. Агулам на палічках аўдыявыдавецтва – 83 пазіцыі, гэта не толькі работы праекта, але і іх сяброў.
У 2023 годзе на старонцы мабільнага дадатку «Кніжны воз» з’явілася 35 навінак, з якіх 19 было зроблена камандай праекта, а як найменей 5 кніг былі запісаныя дзякуючы ахвяраванням слухачоў. У сацыяльнай сетцы Facebook аўдыявыдавецтва мае больш за 1200 падпісчыкаў, амаль 3000 у Instagram, а ад нядаўняга часу яно займело свае старонкі ў TikTok, Telegram і YouTube.