Лявон Вольскі: «Калі жывеш у Беларусі, інстынкт самазахаваньня прытупляецца»

Лявон Вольскі. Фота Дар’я Каледа

Знакаміты музыка на сваёй старонцы ў Facebook падзяліўся развагамі адносна затрымання яго калегаў з гурта Nizkiz.

Лявон Артуравіч піша:

Калі жывеш у Беларусі, інстынкт самазахаваньня прытупляецца. Сядзіш на здымнай (сваёй) кватэры, нечым займаесься, робіш вылазкі ў гіпэрмаркет, на рэпэтыцыю. Разумееш, што ў любы момант цябе могуць узяць “за былыя заслугі” (іх болей чым дастаткова), але нібыта ўсё ціха. Так мінаюць гады — на радзіме ты асабліва не адсьвечваеш, а як выбіраесься за мяжу — тут ужо пачынаецца паўнавартаснае жыцьцё — фэерычныя канцэрты, інтэрвію, шопінг, паход па злачных мейсцах зь сябрамі…

Вяртаесься дадому — і зноў — залягаеш на дно ў вёсцы на тыдзень, прыяжджаеш у горад, едзеш у краму па прадукты, цягнеш іх на свой пяты паверх… Трыважнавата, але ты прызвычаіўся да гэтае лёгкае трывогі, бо так жывеш не адзін год. Усё падказвае, што трэба зьяжджаць, але ты ж любіш гэта ўсё — свой (а ён жа ж твой, праўда?) горад, гэтыя вуліцы, плошчы і сквэры, гэтую вёску (яна ж таксама твая?), хату і вярбу за вакном, якая вырасла з маленькае касьцельнае галінкі, якую ты пасадзіў тут пятнаццаць гадоў таму. Ну, як усё гэта кінуць? І што там, за мяжою, рабіць? Тут хоць нейкія карпаратывы ёсьць, а там што? Невядомасьць? Неяк ня вельмі яно ўяўляецца — усё кінуць і ехаць у гэтую халодную невядомасьць. Таму — хай усё застаецца пакуль, як ёсьць, а там паглядзім. 

І калі прыходзіць гэтае ТАМ, ты, чамусьці, зусім да яго не гатовы, і глядзець ужо няма куды — адно ў жывёльнавата-гопніцкія вочы губазікаўца ды аб’ектыў смартфона, замацаванага на прафэсійным штатыве, адціснутым у адной незалежнай тэлестудыі…

Людзі застаюцца ў Беларусі. З розных нагодаў. Часьцяком сам сабе ня можаш патлумачыць, чаму. Калі глядзець на ўсё гэта з-за мяжы — адразу відаць: рэальная сьмяротная небясьпека! А калі ты ў РБ, дык неяк гэтае пачуцьцё, гэты інстынкт самазахаваньня прытупляецца. І я выдатна разумею хлопцаў зь Nizkiz, бо жыў такім жыцьцём не адзін год. 

Трываласьці вам, хлопцы! Веры й вытрымкі! Мы з вамі!

noyvchas.online