Падляшша ў аб’ектыве

17 снежня ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы былі падведзены вынікі 19-га Агульнапольскага фотаконкурсу „Падляшша ў аб’ектыве” імя Віктара Волкава. Прыняло ў ім удзел 150 аўтараў з усяе Польшчы. Агулам прыслалі яны 405 фотаздымкаў. 

Дасланыя працы ацэньвалі прафесійныя фатографы, сябры памерлага дванаццаць гадоў таму незабыўнага Віктара Волкава. Гэта аўтарка фільмаў аб прыродзе Бажэна Валенцік, журналіст і падарожнік Тамаш Класоўскі, ляснік і кінарэжысёр Яраслаў Хыра і фотарэпарцёр Міхал Косць.

ІІ-ая ўзнагарода. „Канчаецца дзень”. Фота Міхала Сасьніцкага з Завоі

Як кожны год на конкурсных фотаздымках прадстаўлены былі архітэктура, прырода і людзі. На іх відаць таксама як мяняецца Падляшша. Штораз менш ужо традыцыйнага краявіду ды ідылічнай вясковасці як на займальных здымках Волкава. Ідзе новае, якое не такое прывабнае. Таму журы ацаняла конкурсныя працы перадусім з мастацкага боку, шукаючы ў іх нейкай глыбейшай думкі і рэфлексіі.

ІІІ-ая ўзнагарода. „Снежная зіма”. Фота Яраслава Якубчака з Крынак

– Гэта свята фатаграфіі, якое славіць наш Падляшскі рэгіён, – сказала старшыня журы Бажэна Валенцік праз відэа, паколькі не магла асабіста прысутнічаць ва ўрачыстасці. 

Вылучэнне. „На захад”. Фота Максімільяна Пачкоўскага з Дзецьмірава

Лаўрэатам першай прэміі ў конкурсе стаў Павел Баўтручук з Гайнаўкі за серыю фотаздымкаў – партрэтаў самотных жанчын. Другую прэмію атрымаў Міхал Сасьніцкі з Завоі каля Жыўца ў Бескідах, трэцюю – Яраслаў Якубчак з Крынак.

Вылучэнне (спецыяльная ўзнагарода). „Уладар павукоў”. Фота Кароля Залеўскага з Янава-Падляшскага

Арганізатарам фотаконкурсу з’яўляецца беларускі музей у Гайнаўцы пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, таксама горада Гайнаўка, Гайнаўскага павета ды іншых спонсараў.

czasopis.pl