Выстава і майстар-клас ад мастачкі выцінанкі Вольгі Палуніцы (Бабурынай) прайшла на праваслаўнае Раство ў Грамадзкай Залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку.
Спадарыня Вольга – знакамітая беларуская мастачка, больш вядомая як Вольга Палуніца, якая каля 10 гадоў кіравала секцыяй выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасьці, і значна больш гадоў стварае мастацкія творы, удзельнічае ў праектах і выставах, дзе прадстаўляла Беларусь у міжнародных конкурсах. Пасьля падзей 2020 года мастачка стала жыве і працуе ў ЗША.
На майстар – клас прыйшло больш дарослых, чым дзяцей. Але ўсе былі ўражаныя і казалі, што акунуліся нібыта ў дзяцінства. Адзін з удзельнікаў імпрэзы па выцінанцы Валер Мінец зазначыў, што ён адпачыў душой і не дарма правёў паўтары гадзіны за сталом з паперай, нажніцамі і клеем у руках.
-Для мяне гэта была сапраўдная тэрапія. Было вельмі цёпла, утульна і па-сяброўску. Я сядзей з нажніцамі і проста адчуў нейкую казачную магію падчас выцінаньня елачкі, – падкрэсьліў Валер Мінец.
Год таму Вольга Палуніца ўжо праводзіла майстар – клас і выстаўляла свае выцінаначныя працы валадароў ВКЛ у Грамадзкай Залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага. На гэты раз мастачка прадставіла працы на розныя тэмы, сярод якія былі такія працы як “Правы чалавека” і “Рабства”.
Мастачка зноў распавяла пра гісторыю выцінанкі ў нашых продкаў, якая налічвае шмат стагодзьдзяў.
-У IX – XII стагодзьдзі ў старажытнай Беларусі на вопратцы праразалі геаметрычныя ўзорчыкі, якія былі абярэжнымі. Гэтая мастацтва абсалютна суадносіцца з тэхналогіяй выцінанкі. Потым у ВКЛ выразалі кустодзіі, але гэта было мастацтва для заможных людзей. А пазьней з Заходняй Еўропы прыйшло сілуэтнае выразаньне, – распавяла Вольга Бабурына.
Усе жадаючыя мелі магчымасьць набыць унікальныя творы мастачкі.
Алесь Пазьняк, bielarus.info,
здымкі аўтара